Фонд спартыўнай салідарнасці супраць правядзення Кубка свету па фрыстайле ў РБ

Беларускія спартоўцы супраць гвалту / з архіву ВЦ​
Беларускія спартоўцы супраць гвалту / з архіву ВЦ​

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці будзе дамагацца пераносу этапу Кубка свету па фрыстайле з беларускіх Раўбічаў. Спаборніцтвы мусяць прайсці ў лютым. Пра гэта заявіў Deutsche Welle выканаўчы дырэктар Фонду Аляксандр Апейкін.

Ён нагадаў, што адна з найлепшых беларускіх фрыстайлістак, чэмпіёнка свету Аляксандра Раманоўская і легендарны трэнер Мікалай Казека сутыкнуліся з дыскрымінацыяй за сваю грамадзянскую пазіцыю.

"Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту мае гэтую інфармацыю і разумее, што ў такіх умовах нельга праводзіць этап Кубка свету. Мы таксама будзем дамагацца яго пераносу", — сказаў Апейкін.

Ён падкрэсліў, што міжнародныя спаборніцтвы "не павінныя праходзіць у краіне, у якой найгрубейшым чынам парушаюцца правы чалавека".

Пасля таго як Раманоўская падпісалі ліст спартоўцаў супраць гвалту і за новыя выбары, яе выключылі з каманды — паводле афіцыйнай версіі, за прагул. У той дзень яна вазіла бацьку, які перанёс інсульт, у бальніцу. А Казеку, галоўнага трэнера беларускіх фрыстайлістаў, не ўзялі на зборы нацыянальнай каманды ў Фінляндыю. Чыноўнікі патлумачылі сваё рашэнне тым, што цяпер ідзе праверка "законнасці атрымання заслужаным трэнерам дзяржаўных узнагарод". Акрамя таго, трэнера, які таксама падпісаў зварот спартоўцаў супраць гвалту, пазбавілі імянной стыпендыі і запатрабавалі вярнуць ужо атрыманыя грошы.

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці таксама працягвае перамовы і з іншымі міжнароднымі спартыўнымі федэрацыямі аб скарачэнні супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам. У прыватнасці, адпраўленая заява ва УЕФА і ФІФА з патрабаваннем адхіліць беларускіх чыноўнікаў ад удзелу ў міжнародных футбольных падзеях. Працягваецца таксама перапіска з Міжнароднай федэрацыяй хакея аб пераносе матчаў чэмпіянату свету-2021 з Мінска.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі