Футбол: Аўтсайдэр “Слуцк” зладзіў “Славіі” “чорную суботу”
Першыя тры матчы 22-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі ў суботу, 3 кастрычніка. Бабруйская “Белшына” мінімальна перамагла жодзінскае “Тарпеда-БелАЗ” — 1:0 і ўзнялася на чацвёртае месца ў турнірнай табліцы. Бабруйчане здолелі пасунуць на пятае месца салігорскі “Шахцёр”, які лічыцца адным з прэтэндэнтаў на медалі першынства.
Мазырская “Славія” прымала сёння “Слуцк”, які займае ўсяго 12-ты радок турнірнай табліцы і рызыкуе месцам у вышэйшай лізе. Тым не менш случчане разграмілі гаспадароў поля і гульня скончылася з лікам 1:6. Галоўны трэнер “Славіі” Юрый Пунтус на пасляматчавай прэс-канферэнцыі назваў гэтую паразу “чорнай суботай”.
Таксама сёння гулялі “Нёман” і “Віцебск” — яшчэ адзін аўтсайдэр з перадапошняга радка турнірнай табліцы. Гродзенцы саступілі гасцям — 0:1.
Заўтра, 4 кастрычніка адбудуцца яшчэ тры гульні гэтага тура: БАТЭ — “Граніт”, “Гомель” — “Нафтан”, “Шахцёр” — “Мінск”. Прычым БАТЭ зможа датэрмінова стаць чэмпіёнам Беларусі, калі заўтра выйграе ў “Граніта”.
Завяршыцца 22-і тур у панядзелак, 5 кастрычніка матчам мінскага “Дынама” з аднаклубнікамі з Брэста.
На здымку галоўны трэнер ФК "Славія" Юрый Пунтус. Фота: by.tribuna.com