Футбольная зборная Беларусі ў гасцях выйграла ў Славакіі — 1:0 (фота, відэа)
Футбольная зборная Беларусі ў гасцях выйграла ў Славакіі — 1:0. Гэта быў чарговы адборачны матч чэмпіянату Еўропы-2016. Адзіны гол забіў Станіслаў Драгун на 34-й хвіліне пасля розыгрышу кутняга. Каманда Аляксандра Хацкевіча правяла добры матч, у гэтай гульні ў нашых хлопцаў шмат што атрымлівалася. Да таго ж на баку беларускай зборнай была ўдача — аднойчы мяч трапляў у штангу нашай брамы, у іншым выпадку Драгун выбіў мяч з лініі. Добра згуляў Андрэй Гарбуноў.
З 65-й хвіліны беларусы былі ў меншасці — пасля другой жоўтай карткі быў выдалены з поля абаронца і капітан зборнай Аляксандр Мартыновіч. І тым не менш наша каманда давяла гульню да перамогі.
Зборная Беларусі выступала ў наступным складзе: Гарбуноў, Палякоў, Мартыновіч, Сівакоў, Бардачоў (атрымаў траўму, М. Валадзько, 40), Драгун, Гардзяйчук, Брэсан, Стасевіч, Няхайчык (Паліцевіч, 70), Сігневіч (Кісляк, 72).
Вынікі іншых матчаў нашай групы: Іспанія — Люксембург — 4:0, Македонія — Украіна — 0:2.
Лідыруе Іспанія — 24 ачкі, у Славакіі і Украіны — па 19, Беларусь мае 10 ачкоў, Люксембург — 4, Македонія — 3.
12 кастрычніка ў апошнім матчы беларусы згуляюць на "Барысаў-Арэне" з Македоніяй, пачатак у 21.45.
Фота: uefa.com