Футбольная зборная Беларусі згуляла ўнічыю з Македоніяй
12 кастрычніка футбольная зборная Беларусі правяла на "Барысаў-Арэне" апошні матч адбору на Еўра-2016. У паядынку з камандай Македоніі была зафіксаваная нічыя 0:0. У першым тайме перавага была на баку беларусаў, але забіць не ўдалося. У другой палове госці на нейкі час перахапілі ініцыятыву, пачалі ствараць небяспеку каля брамы Андрэя Гарбунова. Далей беларусы зноў узялі пад свой кантроль гульню, запомніўся ўдар Сяргея Паліцевіча ў перакладзіну. Але галоў нешматлікія заўзятары (1545 чалавек, гэта антырэкорд у афіцыйных матчах нашай зборнай) так і не пабачылі.
Як піша "Прессбол", у першым тайме міліцыя вывела з беларускага фан-сектару некалькіх чалавек "за забароненую сімволіку". У перапынку, на знак пратэсту, адтуль сышлі і іншыя фанаты. "Наша ніва" дадае, што за шалікі з "Пагоняй" былі затрыманыя трое чалавек.
Зборная Беларусі выступала ў наступным складзе: Гарбуноў, Палякоў, Паліцевіч, Сівакоў, М. Валадзько, Драгун (капітан, Пуціла, 73), Стасевіч, Брэсан, Няхайчык (Кісляк, 61), Гардзяйчук, Сігневіч.
Вынікі іншых матчаў нашай групы: Украіна — Іспанія — 0:1, Люксембург — Славакія — 2:4.
Іспанія — 27 ачкоў, Славакія — 22, Украіна — 19, Беларусь — 11, Люксембург і Македонія — па 4.
Фота: pressball.by