Фядыніч: Сесці ў турму лёгка, зрабіць справу і не сесці — праблема

Еўрарадыё: У чарговы раз дэмакратычным сілам прапанавалі аб’яднацца. Незалежныя прафсаюзы атрымалі запрашэнне далучыцца да “аб’яднаўчага працэсу”?

Генадзь Фядыніч: Нам прапанавалі ўвайсці ў гэтую кааліцыю. Мы з калегамі прапанову абмеркавалі і не ўбачылі сэнсу ў гэтым альянсе.

Еўрарадыё: Ініцыятары кажуць, што адна з асноўных мэтаў — дабіцца свабодных выбараў. Вас гэта што — не цікавіць?!

Генадзь Фядыніч: І што? Колькі рэжым існуе, столькі ў нас выбары “свабодныя”! Марнаваць час, працаваць на тое, каб атрымаць грант, прасачыць за выбарамі — гэта не тая справа, якая можа павярнуць краіну. Калі на выбарах нехта з нашых актывістаў захоча быць назіральнікам — калі ласка! Але ўваходзіць у альянс… Зараз у палітычным жыцці краіны не вельмі добрыя часы: хтосьці — за псеўдарэферэндум, якога не будзе, хтосьці — за альянс і свабодныя выбары, а камусьці трэба будзе працаваць з людзьмі.

Еўрарадыё: Дык, здаецца ж, тыя, хто ездзіць па краіне з “Народным рэферэндумам”, акурат з людзьмі і працуюць…

Генадзь Фядыніч: У тым і рэч, што — здаецца. Нешта я не бачыў ніводнага інтэрв’ю з тымі людзьмі, з кім яны сустракаліся, — каб яны расказалі пра свае адчуванні ад тых сустрэч. Вось, я пытаюся ў гэтых “рэферэндумцаў”: вы збераце 450 тысяч подпісаў за правядзенне рэферэндуму, яго не будзе — вы хаця б чвэрць ад тых, хто падпісаўся, на плошчу выведзеце? Шчыра адказваюць: не. Дык а навошта ўсё гэта рабіць?! Ведаеце, нешта людзям прапанаваць і не выканаць — зрабіць шырэйшай яшчэ на крок канаву паміж людзьмі і апазіцыяй. Трэба рабіць тое, што людзі падтрымаюць нагамі і думкамі. І ў гэтым праблема.

Усе, як у выпадку з тым “Народным рэферэндумам” кажуць: трэба працаваць з людзьмі! З людзьмі заўжды трэба працаваць, а не толькі час ад часу. Вось тады праблема зрушыцца. А тое, што зараз няма адзінай кааліцыі сярод палітыкаў… Відавочна, тут ёсць частка віны і іх саміх, і частка віны Захаду.

Я не супраць: любы альянс мае права на існаванне. Але павінны быць зусім іншыя падыходы да праблемы “справядлівыя выбары”. Рабіць тое ж самае, што ў гэтым накірунку рабілі і ў мінулыя гады — гэта не выйсце з існага становішча.

Еўрарадыё: Збяруцца людзі ў альянс, атрымаюць грант, вам што — грошы лішнія будуць?

Генадзь Фядыніч: Калі ёсць гранты і ты іх адпрацоўваеш, то можна, прабачце, “раздзярбаніць” усё і зрабіць нейкія справаздачы, што ўсё добра. А справа застанецца на тым жа месцы. Мы ў такія гульні не хочам гуляць. Калі бярэшся за справу, то спачатку трэба ведаць, з кім рабіць, як рабіць і што чакаць на выхадзе….

Людзі зараз расчараваліся і ў кіраўніцтве дзяржавы, і ў мясцовым кіраўніцтве, і ў партыях. Яны застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі, ніхто іх не вырашае. “Справядлівыя выбары” — гэта добры лозунг, хай робяць. Але калі яны будуць гэта рабіць так, як рабілі раней!.. Толькі грант адпрацаваць. Ну, не будзем мы ў гэтыя гульні гуляць!

Еўрарадыё: Вынікае, што гэтыя гульні выключна для палітыкаў — а што, незалежныя прафсаюзы ўжо сталі па-за палітыкай?

Генадзь Фядыніч: Не, я такога ніколі не гаварыў і не скажу, бо гэта будзе няпраўдай. Прафсаюзы дастаткова палітызаваныя, ёсць сярод сяброў прыхільнікі і рухаў, і партый. Але ў нас так: калі ты працуеш над нейкай праблемай прафсаюзу, то Статуты партый трэба забыць. Было: партыя кажа, што гэта трэба рабіць, а яно супярэчыць таму, над чым працуе прафсаюз. З такімі людзьмі мы нават развітваліся. Мы не будзем “чыстым” прафсаюзам ў сённяшняй сітуацыі, ды гэта і непатрэбна. У верасні будзем выходзіць на вуліцы з пікетамі — пратэставаць супраць змяншэння выплат па бальнічных лістах. Такія праблемы трэба ўзнімаць — якія блізкія людзям. І вырашаць гэтыя праблемы. А “Народны рэферэндум” — проста для таго, каб праблему ўзняць, але яе не вырашыць. Гэта яго мінус.

Еўрарадыё: У вас атрымліваецца хоць нейкія ўзнятыя праблемы вырашаць?

Генадзь Фядыніч: Пакуль атрымліваецца. Летась мы вярнулі людзям больш за 1 мільярд рублёў з іх незаконна ўтрыманых. Кожны квартал у незалежны прафсаюз уступае па 180-200 чалавек. Назавіце мне хоць адну партыю ці рух, куды так уступаюць людзі. Гэта вынік актыўнай працы ў кожным рэгіёне. У нас сёння створаны 24 рэгіянальныя прафсаюзныя групы. І мы за тое, каб у Беларусі быў створаны альянс, які сапраўды аб’яднаў бы ўсе партыі, рухі, ініцыятывы, прафсаюзы — усіх! Але каб выпрацавалі тую праграму, якая бліжэй да рэгіёнаў, бліжэй да людзей. Канкрэтную, паэтапную. І шукаць новых лідараў у рэгіёнах — не заангажаваных палітыкаў. Нас жа зараз не так шмат — партыйцаў. І кожны за сваё. А за людзей хто?! Сесці за круглы стол, абмеркаваць гэта пытанне, стварыць такі альянс пакуль не атрымліваецца.

Еўрарадыё: Узялі б ды выпрацавалі такую праграму — навошта наракаць ды чакаць, што гэта нехта зробіць?

Генадзь Фядыніч: Мы над гэтым думалі і думаем. Мы зацікаўленыя ў тым, каб знайсці незаангажаваных эканамістаў, спецыялістаў.у дапамогу. Зараз разам з “Платформай” мы будзем рабіць адмысловыя сайты, дзе будуць ставіцца канкрэтныя пытанні канкрэтнымі людзьмі, і разам з юрыстамі ды эканамістамі будзем дапамагаць гэтыя людскія пытанні вырашаць. Такая праца дапаможа выявіць у рэгіёнах лідараў, за якімі людзі пацягнуцца. Такім чынам можна будзе паступова ўсю краіну аб’яднаць. Трэба пачынаць.

Еўрарадыё: Незалежныя прафсаюзы існуюць не адзін год — чаму раней над гэтым не працавалі?

Генадзь Фядыніч: У незалежных прафсаюзаў чатыры суб’екты. Адзін дапамагае ўберагчыся ад наступаў адміністрацыі. Свабодны прафсаюз беларускі — яго амаль зусім знішчылі. Мала людзей у Свабодным прафсаюзе металістаў. Што тычыцца таго прафсаюзу, дзе 70% — гарнякі Салігорска, то яны жывуць выключна сваім жыццём. І гэта — тая самая праблема салідарнасці. Яны ўсе атрымліваюць добрыя заробкі, усе — маюць крэдыты на аўто ці кватэры, якія зараз трэба аддаваць… Вось я і кажу, што павінны прыйсці людзі незаангажаваныя, якія хочуць, але не ведаюць, як рабіць нешта для людзей.

Еўрарадыё: І што ж такі перашкаджае з’яўленню беларускага Леха Валенсы?

Генадзь Фядыніч: Каб такое адбылося, трэба вельмі шмат працаваць у рэгіёнах. Штучна ж ён не з’явіцца! Паводле даследаванняў Манаева — 40% давяраюць незалежным прафсаюзам. Давяраюць, але хто гэтыя людзі, адкуль яны — з гарадоў, з вёсак, з пэўных рэгіёнаў? Нават пры наяўнасці добрай праграмы грамадскі лідар можа з’явіцца толькі ў тым выпадку, калі ён будзе мець добрыя напрацоўкі, тыя плюсы, якія людзі ведаюць. У якіх нават улада не здольная будзе яму адмовіць. І які зможа прапанаваць людзям тое, што яны самі хочуць.

Еўрарадыё: Як заяву пра палітычныя амбіцыі прафсаюзнага дзеяча ўспрыме палітычная эліта?

Генадзь Фядыніч: Ведаю толькі, што прафсаюзныя дзеячы — яны не горшыя за любога партыйнага лідара. А практыка працы з людзьмі ў іх большая. Ды і праблемы людзей знутры мы ведаем лепш за палітыкаў.

Еўрарадыё: Вы папракнулі палітыкаў у тым, што яны не могуць вывесці людзей на вуліцу — прафсаюзы нібыта могуць?

Генадзь Фядыніч: Сёння таксама пакуль не могуць. Раней выводзілі і па 25 тысяч, і па 30, а зараз… У верасні будзем ладзіць пікетаў 12 — усё, на што сёння здольныя. Будзем збіраць подпісы за адмену пастановы ўраду наконт аплаты бальнічных. Атрымаецца — людзі павераць, што разам нешта можна зрабіць. Выводзіць на плошчу трэба людзей тады, калі будзеш упэўнены, што яны выйдуць, і што мы свайго даб’ёмся, калі яны выйдуць. А выводзіць толькі дзеля таго, каб паставіць галачку, што мы вывелі…

Ну, выйшлі б мы, разагналі б нас, пасядзелі б мы на Акрэсціна. Сёння сесці ў турму — не праблема. Зрабіць справу і не сесці — вось гэта праблема.

Фота: Змітра Лукашука, by.belapan.com, nn.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі