Месцы, дзе ваяру дапамогуць вярнуцца да мірнага жыцця. Гайд па Варшаве
Варшава, Польшча
Беларускія добраахвотнікі вяртаюцца з вайны, і часта менавіта Варшава робіцца месцам, дзе яны спрабуюць пачаць новае жыццё. Калі ваша новае жыццё ўсё ніяк не пачнецца, паглядзіце наш гайд — магчыма, у ім ёсць месцы і людзі, якія вам дапамогуць.
Калі ваша ініцыятыва гатовая дапамагчы беларускім добраахвотнікам, якія вяртаюцца з вайны, але не трапіла ў гэты гайд, напішыце нам.
Жыллё
“Мірны дом”
Дзе гэта? Людзей прымаюць ужо ў трох "Мірных дамах". Два з іх — у Варшаве, яшчэ адзін — у прыгарадзе Надажын.
Прыватны польскі фонд Humanosh адкрыў "Мірны дом" (шэлтар), дзе добраахвотнікі могуць спыніцца на адзін месяц. Але тэрмін знаходжання можа быць прадоўжаны.
Звяжыцеся з валанцёрамі, каб прайсці верыфікацыю. Лепш зрабіць гэта да прыезду ў Польшчу. Працэс можа заняць ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. Перад прыездам абавязкова ўдакладніце, ці ёсць у доме месцы.
Кантакты для верыфікацыі: Partyzanka і фонд Humanosh.
Шэлтар на Балотнай
Дзе гэта? Варшава, вул. Błotna 18
Неяк перад самым Новым годам у дзверы двухпавярховага катэджа ў адным са спальных раёнаў Варшавы пагрукаў баец ПКК. Яго пусцілі пераначаваць, але... з умовай, што каліновец на адзін вечар зробіцца Дзедам Марозам. У асноўным тут жывуць мамы з дзецьмі, уцекачы ад вайны або рэпрэсій. Але ў адным пакойчыку на першым паверсе могуць нядоўга пажыць і мужчыны.
Каб спыніцца ў шэлтары, пішыце адміністратарцы Ганне Федарэнка наўпрост. Кантакты тут.
Агенцтва нерухомасці з беларускімі каранямі
Тут таксама абяцаюць бясплатна дапамагчы з жытлом на першы час. Пішыце, напрыклад, у тэлеграме.
Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў
Калі не атрымся знайсці месца ў шэлтары, напішыце сюды. Фінансавання ў асацыяцыі няма, але яны дапамогуць знайсці жыллё на першы час.
Легалізацыя
Адно акно
Увогуле не ведаеце, з чаго пачаць? Для беларусаў запрацавала служба "Адно акно" ад Кабінета Святланы Ціханоўскай. Мэтавая аўдыторыя службы галоўным чынам — беларусы ў Беларусі, але і за мяжой дапамогуць. Можаце напісаць сюды, і вам падкажуць, што рабіць. Ці тэлефануйце: кансультанты працуюць кожны дзень с 12:00 до 20:00 па мінскім часе. Яны дапамагалі нам збіраць гэты гайд.
Partyzanka
Хутчэй за ўсё з "Аднаго акна" вас накіруюць менавіта сюды. На "Партызанскай інфалініі" вам дадуць індывідуальную юрыдычную кансультацыю. Кантакты тут.
Валанцёры дапамогуць сабраць дакументы на міжнародную абарону, атрымаць польскі праязны дакумент, калі ў вас скончыўся пашпарт, і падацца на інтэграцыйную праграму (IPI).Падрабязны гайд ад Partyzanka па легалізацыі беларускіх добраахвотнікаў у Польшчы шукайце тут.
Цэнтр беларускай салідарнасці
Сюды можна звярнуцца і па юрыдычную дапамогу, і па дапамогу з пошукам жылля. Вось тут вы можаце знайсці падрабязны гайд па атрыманні міжнароднай абароны, які падрыхтавалі юрысткі цэнтра. Або напішыце сваё пытанне ў бот, там адказваюць (мы праверылі).
Адукацыя
Прастора “Робім разам”
Дзе гэта: Варшава, plac Konstytucji, 6
Тут ёсць бясплатныя курсы польскай мовы ўзроўняў А1 і В1. Заняткі вядуць валанцёры з Польшчы і Украіны. Можаце проста прыйсці па адрасе — вас сарыентуюць на месцы. Або тэлефануйце: +48 573 202 950.
Моладзевы хаб
Дзе гэта: Варшава, ul. Dożynkowa 6A
У аўторкі тут праходзіць мерапрыемства "Czytam z Tobą". Беларусы чытаюць дзіцячыя польскія кнігі разам з польскімі філолагамі і такім чынам вучаць польскую мову і знаёмяцца адно з адным. Можна гаварыць на польскай, беларускай і рускай мовах, польскія філолагі, якія вядуць клуб, ведаюць іх усе.
А вось тут ёсць поўны спіс мерапрыемстваў ад хаба — абірайце, што спадабаецца.
Праца
Прастора “Робім разам”
Дзе гэта: Варшава, plac Konstytucji, 6
Дапамагаюць уладкавацца на працу ў арганізацыі, якія займаюцца аховай, даюць рэкамендацыі.
Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў
Акумулююць вакансіі, якія адкрывае ў Польшчы беларускі бізнес. Прэферэнцый для добраахвотнікаў падчас прыёму не працу няма, людзі з баявым досведам трапляюць на гутаркі "інкогніта".
Псіхалагічная дапамога
Partyzanka
Тут абяцаюць псіхалагічную падтрымку і іншыя віды дапамогі, неабходныя для паспяховай адаптацыі і інтэграцыі.
“Ланка”
Гэта рэабілітацыйны цэнтр, у якім дапамагаюць ваенным і ветэранам. Ён знаходзіцца пад Кіевам, і лепш звярнуцца па дапамогу, пакуль вы яшчэ ва Украіне. Але калі патрэбу ў дапамозе вы адчулі ўжо пасля ад'езду, усё адно пішыце — вам паспрабуюць знайсці псіхолага, які можа працаваць анлайн.
Асацыяцыя беларускіх добраахвотнікаў
Вам знойдуць псіхолага-валанцёра з ліку тых, хто працуе з ахвярамі рэпрэсій беларускага рэжыму.
Free Belarus Center
Free Belarus Center прапануе да 10 кансультацый псіхолага бясплатна. Групавыя псіхалагічныя афлайн-трэнінгі ладзяцца ў каворкінгу FBC у Варшаве. Калі вы хочаце атрымаць псіхалагічную дапамогу, запоўніце гэтую форму.
Моладзевы хаб
Тут ёсць закрытыя сустрэчы з псіхолагам і адкрытыя лекцыі псіхолагаў. Абяцаюць псіхалагічную разгрузку праз творчасць. Шукайце ў раскладзе хаба.
Служба псіхасацыяльнай падтрымкі сем'яў ваенных
Як пазваніць? +48226022512. Ваенныя і ветэраны (у некаторых выпадках — і іх блізкія) могуць звяртацца на ўкраінскія гарачыя лініі псіхалагічнай дапамогі. Патэлефанаваць можна з Польшчы на польскі нумар тэлефона.
Фізічнае здароўе
Е-здароўе
Вы можаце атрымаць кансультацыю доктара анлайн (бясплатна).
Кансультацыя юрыста Цэнтра беларускай салідарнасці
А яшчэ вы можаце патэлефанаваць на гарачую лінію ЦБС, і вам растлумачаць, што рабіць, калі захварэў у Польшчы. Як аформіць страхоўку? Дзе знайсці бясплатную дапамогу, калі грошай на страхоўку няма? Тэлефануйце, кантакты тут.
Фінансавая дапамога
BySol
Проста цяпер адкрыты збор на дапамогу ў адаптацыі для беларускага добраахвотніка "Ціхага". Мы падрабязна расказвалі яго гісторыю тут.
Хуткая ўзаемадапамога
Вашу заяўку праверыць каманда валанцёраў і вызначыць памер збору.
Забавы
Моладзевы хаб
Дзе гэта: Варшава, ul. Dożynkowa 6A
Пляцоўку стваралі для таго, каб дапамагаць беларусам знаходзіць адно аднаго і каб было прасцей адаптавацца да новага жыцця за мяжой. Большасць мерапрыемстваў бясплатныя.
— Калі вы прыехалі ў Польшчу і ў вас нікога няма ў Варшаве — можаце проста прыйсці да нас і пазнаёміцца з іншымі беларусамі, — распавядае нам Алесь Лапко.
Можаце пагуляць у клубе "Што? Дзе? Калі?" або напісаць ліст палітвязню. Лісты палітвязням падтрымліваюць не толькі зняволеных, але і тых, хто іх піша. Ужо аформіўся своеасаблівы сацыяльны клуб, падключайцеся.
Нагадваем, што вось тут можаце паглядзець поўны каляндар мерапрыемстваў хаба.
Прастора “Робім разам”
Дзе гэта: Варшава, plac Konstytucji, 6
Напрыклад, 24 сакавіка, тут адкрылася выстава арыгінальных карцін загінулага ў беларускай турме мастака Алеся Пушкіна.
Музей вольнай Беларуси
Дзе гэта: Варшава, вул. Foksal, 11
Сачыце за мерапрыемствамі музея ў Інстаграме.
У Польшчы ёсць вялікая сетка беларускіх арганізацый. Каб вы не заблыталіся, многія з іх аб'ядналіся ў belarusam.pl, вы можаце знайсці іх на сайце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.