Генпракуратура накіравала справу Калеснікавай і Знака ў Вярхоўны суд
Максім Знак і Марыя Калеснікава / nn.by
Генеральная пракуратура накіравала ў Вярхоўны суд для вызначэння падсуднасці крымінальную справу ў дачыненні да сябраў прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, паведамілі ў прэс-службе ведамства. Іх абвінавачваюць па трох артыкулах КК: у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357), у закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны (ч. 3 арт. 361) і ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання.
Паводле версіі следства і пракуратуры, "абвінавачаныя сумесна з іншымі асобамі не пазней за 16 ліпеня 2020 года ўступілі ў таемную змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам".
Для гэтага фігуранты справы планавалі выкарыстоўваць "апрабаваную ў шэрагу краін методыку". Гэтая методыка "прадугледжвала акумуляванне прадстаўнікоў пратэснага руху для фарміравання неарганізаванай масы людзей як інструмента дасягнення мэтаў і спосабу фарміравання пратэснага настрою удзельнікаў". Так лічаць у пракуратуры.
У пачатку чэрвеня абарона Марыі Калеснікавай падавала скаргу ў Следчы камітэт на пастанову аб прыцягненні яе ў якасці абвінавачванай. Адвакаты сцвярджалі, што абвінавачванне не канкрэтнае. Варта адзначыць, што за час знаходжання пад вартай Калеснікава пазбавілася некалькіх адвакатаў — у іх адклікалі ліцэнзіі. "Рэжым прыбірае ўсіх, хто павінен абараняць мяне. Ён нападае і не дае мне абараняцца", — пісала яна з СІЗА.
Марыя Калеснікава летась была ў штабе Віктара Бабарыкі, а затым далучылася да Святланы Ціханоўскай, удзельнічала ў яе агітацыйных паездках па Беларусі. У мінулым верасні прадстаўнікі спецслужбаў затрымалі Калеснікаву ў Мінску і спрабавалі вывезці ва Украіну. Аднак яна на мяжы парвала свой пашпарт і ў выніку аказалася ў зняволенні.
Адваката Максіма Знака таксама затрымалі ў верасні. На знак пратэсту супраць незаконнага затрымання ён абвяшчаў у СІЗА галадоўку. У красавіку стала вядома, што Максім Знак у СІЗА стварыў каманду "Што? Дзе? Калі?" і прасіў дасылаць яму пытанні для трэніровак.
Калеснікава і Знак былі сябрамі прэзідыума Каардынацыйнай рады. КР, паводле задумы яе стваральнікаў, мусіла забяспечыць "мірны і стабільны трансфер улады".
Праваабаронцы прызналі Марыю Калеснікаву і Максіма Знака палітвязнямі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.