Генпракурор: Бізнесмен завалодаў $2 млн за пастаўленую ў Туркменістан тэхніку
Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк распавёў падрабязнасці крымінальнай справы бізнесмена Эрнэста Аляксеева, якога сілавікі затрымалі ў красавіку 2017 года. Высветлілася, што ён атрымаў аплату за пастаўленую ў Туркменістан тэхніку МАЗ і вывеў на рахункі афіляваных структур (“незразумелых фірм”) частку грошай, не менш за 2 млн долараў, інфармуе партал tut.by.
Бізнесмен знаходзіцца пад вартай. На яго маёмасць накладзены арышт. “Але нават таго, што мы забіраем — кафэ, катэджы, машыны, участкі — не хопіць, каб кампенсаваць страты”, — сказаў Канюк.
Пра затрыманне Эрнэста Аляксеева, старшыні савета дырэктароў холдынга Yaraw, СМІ даведаліся 20 красавіка. У той жа дзень Следчы камітэт пацвердзіў затрыманне і паведаміў, што Аляксеева падазраюць “у нанясенні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу”. Праз тыдзень генпракурор Канюк назваў бізнесмена махляром і злодзеем.