Генштаб Украіны стварае партызанскі рух, ужо ёсць камандзіры атрадаў
Пра гэта 1 верасня паведаміў спікер інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка.
Ён паведаміў, што разам з тэрарыстамі на Данбасе налічваецца 10-15 тысяч расійскіх вайскоўцаў. І штодня ім прыбывае падмацаванне: і жывая сіла, і тэхніка, і зброя. У Луганску яны нават не хаваюць сваіх шэўронаў Узброеных Сіл Расіі, адзначыў Лысенка.
Тым часам у многіх украінскіх гарадах тысячы добраахвотнікаў выказваюць жаданне ехаць на фронт. Толькі ў Марыупалі каля 5 тысяч чалавек гатовыя абараняць свой горад ад расійскіх войск.
Генштаб Узброеных Сіл Украіны працуе над стварэннем партызанскага руху. Ужо вызначаныя камандзіры партызанскіх атрадаў, якія ведаюць людзей, што будуць уваходзіць у іх фармаванні, інфармуе УНІАН. Верагодна, гаворка ідзе пра вобласці, якія знаходзяцца пад кантролем украінскай улады, але могуць быць атакаваныя расійскай арміяй. Такія атрады там пачалі рыхтаваць яшчэ вясной. Як вядома, на Данбасе няма лясоў, што ўскладняе вядзенне партызанскай барацьбы ў яе традыцыйным разуменні.
Фота — Reuters