Грузінская апазіцыя: Адстаўка Саакашвілі — вырашанае пытанне

Штодня ў цэнтры Тбілісі збіраецца ад 20 да 40 тысяч чалавек, якія патрабуюць адстаўкі прэзідэнта. Апазіцыя ўпэўненая: Саакашвілі застаўся тыдзень. (Фотарэпартаж). У сталіцы Грузіі Тбілісі працягваюцца апазіцыйныя акцыі з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі і яго ўраду.

Дазвол на мітынг атрыманы да 30 красавіка. Сябра апазіцыйнай партыі "Новыя правыя" Іраклі Кавтарадзе спадзяецца, што дагэтуль Саакашвілі падасць ў адстаўку, бо ў яго няма іншага выбару.

"Мы дамагаемся змены ўрада і адстаўкі прэзідэнта. Спачатку Саакашвілі павінен пакінуць свой пост, а потым трэба пачынаць выбары. Мы мітынгуем з 9 красавіка. Гэта 20-я гадавіна таго, як сюды ўвайшлі рускія танкі ў 1989 годзе. Дазвол на акцыю ў нас да 30 красавіка, але, калі спатрэбіцца, мы пададзім заяўку зноў".



Акакі Асацыяні з апазіцыйнага "Саюза традыцыяналістаў Грузіі", кажа Еўрарадыё, што кожны дзень на акцыі пратэсту выходзяць мінімум 20 тысяч чалавек.

"Улады да такога стану давялі краіну, што вельмі актуальная задача змяніць урад. Практычна кожны дзень на цэнтральным праспекце і плошчы збіраецца ад 20 да 40 тысяч людзей. Калі якія-небудзь падзеі адбываюцца, то больш".

Адстаўка Саакашвілі — вырашанае пытанне, гаворыць Акакі Асацыяні. Усё адбудзецца цягам двух тыдняў.

"Я думаю тыдзень, максімум два і ўлада зменіцца. Гэта вырашанае пытанне — народ заўсёды перамагае. Справа не ў апазіцыі, справа ў тым, што наш народ не будзе гэтага больш трываць. Даўно ўжо трываць не мог, але ў мінулым годзе вайна стрымала пратэстны настрой. Адстаўка — вырашанае пытанне. Справа часу і вельмі хуткага. Самога Саакашвілі няма ўжо і кабінета няма. Ходзіць дзесьці вакол горада, дурацкія сустрэчы робіць, кагосьці ўзнагароджвае, дурацкія прамовы кажа".

Нагадаем, грузінская апазіцыя абвінавачвае Саакашвілі, які сам прыйшоў да ўлады ў выніку дэмакратычнай "рэвалюцыі ружаў", у манапалізацыі ўлады і спыненні працэсу рэформаў у краіне.









Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі