Гурт “Мутнаевока” прэзентуе кліп на песню “Апантаны”
"Цыклічнае" відэа распавядае пра ўзаемадзеянне механізмаў і жывых арганізмаў.
Гурт “Мутнаевока” прэзентуе на партале tut.by “цыклічны” кліп на песню “Апантаны” з апошняга альбома каманды “Дзень незалежнасці”. Ролік музыкі называюць сваім двайным дэбютам і першым прафесійным відэа.
“Песня была абраная невыпадкова. Мы даўно запланавалі зняць відэа менавіта на кампазіцыю “Апантаны”. Для нас гэта двайны дэбют яшчэ і таму, што мы не толькі знялі першае “сур’ёзнае” відэа, але і ўвасобілі ў гэтым кліпе свае відэазадумы”, — распавядае лідар гурта Яўген Змушка.
У якасці персанажаў выступілі самі ўдзельнікі гурта і фронтмэн у вобразе апантанага д’ябла. Падчас здымак відэа Яўгену Змушку давялося плаваць у ванне з ледзяной вадой.
“Сюжэтная лінія праходзіць на першы погляд хаатычна, але насамрэч, дэманструе сінхранізаваны жыццёвы цыкл. Гэта натуральны індастрыал у сваім выяўленні, дзе і жывы арганізм, і механізм з’яўляюцца неад’емнымі часткамі адзінага працэсу. Мы наўмысна адмовіліся ад лагічнага разгортвання падзеяў, што ўласціва большай колькасці музычных кліпаў, каб даць гледачу грунт для фантазіі і меркаванняў ды фарміраваць уласны пункт гледжання”, — працягвае Яўген Змушка.
Дынаміка, колер і сам сцэнарый відэа — нібы люстра кінастужак часоў Хічкока і Эндзі Уорхала. Гэта калі фокус быў накіраваны на адзін аб’ект, вобраз якога раскрываўся на працягу стужкі. Своеасабліва і мэтанакіравана спявак б’ецца ў канвульсіях у ваннай, паўтараючы словы: “Плыву, я плыву”. Разам са стрэлкамі гадзіннікаў і электрапрыбораў, паказваючы магічнае значэнне лічбы “нуль” і ўтапічнасць віра падзей, дзе ўсё вяртаецца на свае кругі і адпаведныя месцы ў адзначаны час.
Здымкі відэа адбываліся ў адным з вядомых закінутых будынкаў сталіцы. Героямі роліка з’яўляюцца самі музыкі “Мутнагавока”. Але, падкрэслівае Яўген Змушка, акцэнт будзе зроблены не на гульні аднаго акцёра, а на агульнай атмасферы.
Над ролікам працавала каманда Cinema pride. Рэжысёрам кліпа выступіў Зміцер Шкрадзюк, аператар — Сяргей Аўсянік. Каманда ўжо вядомая па здымках відэа для Лявона Вольскага, Akute і гурта Sounduk. Ідэя і задума роліка належыць Яўгену Змушку.
Live-прэзентацыя кліпа запланаваная на 13 лістапада падчас выступу “Мутнагавока” ў сталічным клубе TNT.