Гурт “Мутнаевока” зняў “цыклічны” кліп на песню “Апантаны” (відэа)

Гурт “Мутнаевока” раскрыў падрабязнасці здымкаў відэа на песню “Апантаны” з апошняга альбома каманды “Дзень незалежнасці”. Будучы ролік музыкі называюць сваім двайным дэбютам:

“Песня была выбраная невыпадкова. Мы даўно запланавалі зняць відэа менавіта на кампазіцыю “Апантаны”— распавядае Яўген Змушка. — Для нас гэта двайны дэбют яшчэ і таму, што мы не толькі знялі першае “сур’ёзнае” відэа, але і ўвасобілі ў гэтым кліпе свае відэазадумы”.

Над ролікам працуе каманда Cinema pride. Рэжысёрам кліпа выступіў Зміцер Шкрадзюк, аператар — Сяргей Аўсянік. Каманда ўжо вядомая па здымках відэа для Лявона Вольскага, Akute і гурта Sounduk. Ідэя і задума роліка належыць Яўгену Змушку. Творчым тандэмам з Cinema pride музыкі засталіся задаволеныя.

“Мне вельмі падабаецца адсутнасць нейкага “сюжэта”, — працягвае Яўген Змушка. — Мы не хацелі здымаць “маленькае кіно”. Я люблю, калі відэа пакідае гледачу інфармацыю для разважання. Каб не было канкрэтнай задумы і каб не было абавязкова глядзець да канца — як усё пачынаецца і чым заканчваецца. У нашым відэа, хутчэй, будзе паказаная цыклічнасць жыцця — як гадзіннік ці метраном, такі жыццёвы пульс. Гэта адпавядае і назве самой песні, “Апантаны” — прага да жыцця і апантанасць сваёй мэтай у гэтым жыцці”.

Здымкі відэа адбываліся ў адным з вядомых закінутых будынкаў сталіцы. Галоўнымі і адзінымі героямі роліка з’яўляюцца самі музыкі “Мутнагавока”. З-за тэхнічных праблем і неспрыяльнага надвор’я фронтмэну каманды давялося плаваць у ванне з ледзяной вадой. Але, падкрэслівае Яўген Змушка, акцэнт будзе зроблены не на гульне аднаго акцёра, а на агульную атмасферы.

Прэзентацыя кліпа запланаваная на 13 лістапада ў сталічным клубе “TNT”, дзе ў гурта “Мутнаевока” адбудзецца канцэрт. А пакуль прапануем вам 4-хвіліннае відэа пра тое, як праходзілі здымкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі