Распрацоўшчыкі "World of Tanks" выдаткавалі на карпаратыў мільён долараў
На прыватнай вечарынцы беларускай кампаніі на "Лініі Сталіна" выступалі вядомыя гурты The Offspring і Hurts.
Фірма адзначыла сваё 15-годдзе. Як піша "Комсомольская правда", святкаванне праходзіла з размахам — адзін толькі банкет каштаваў 300 000 долараў.
Карпаратыў прайшоў на "Лініі Сталіна". Комплекс арандавалі цалкам, уключаючы бесперапыннае катанне на танках, квадрацыклах і катамаранах. Дадаткова арганізавалі разнастайныя міні-шоў: выступы лучнікаў і рыцараў, вогненнае шоў і г.д. Па звестках выдання, толькі на гэта сышло каля 150 000 долараў.
На разагрэве выступаў вядомы гурт "Бі-2". У хэдлайнерах — гурты Hurts і The Offspring. На думку музычных экспертаў, выступ кожнага калектыва каштаваў арганізатарам не менш за 100 000 долараў. Дарэчы, ніводзін з гуртоў не ўнес прыезд на "Лінію Сталіна" ў свой канцэртны графік. Толькі суткі праз у фэйсбуку Hurts з'явілася фатаграфія саліста на фоне намёта-грымёркі з подпісам "Дзесьці над вясёлкай… (Мінск)".
Вечарына скончылася лазерным шоў і феерверкам. А кульмінацыяй свята стаў выступ авіягрупы "Русь", якую "выпісалі" з расійскай Вязьмы. Пяць рэактыўных самалётаў паўгадзіны круцілі піруэты ў небе над "Лініяй Сталіна".
Фота — kp.by