Хадановіч сказаў Лукашэнку пра "чорныя спісы" пісьменнікаў

23 кастрычніка кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з беларускімі літаратарамі. Прычым, у лік запрошаных трапілі не толькі прадстаўнікі афіцыёзнага Саюза пісьменнікаў Беларусі, але і двух "апальных" — Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў. 

У гутарцы з Еўрарадыё кіраўнік ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч зазначыў, што для яго запрашэнне на сустрэчу не было нечаканым. Такое мерапрыемства планавалася яшчэ некалькі месяцаў таму, але тады з нейкай прычыны сарвалося. 

Хадановіч: "Вось некалькі месяцаў таму першая такая прапанова была нечаканасцю. І я сур'ёзна задумаўся перад тым, як сказаць "так". І я ведаю, што былі людзі, якія сказалі "не" — з карэктнасці не агучваю"

Па словах пісьменніка, яму далі магчымасць задаць свае пытанні Лукашэнку:

Хадановіч: "Я агучыў тры групы пытанняў. Адна з іх тычылася "чорных спісаў", цэнзуры, самацэнзуры і ўвогуле магчымасці стварэння роўных умоваў для пісьменнікаў праўладных і незалежных"

Акрамя таго, старшыня ПЭН-цэнтру распавёў аб праблемах выдаўцоў: пра тое, што выдавецтва "Галіяфы" не можа прадаваць кнігі ў сваёй кнігарні, а Ігар Логвінаў пазбавіўся ліцэнзіі за продаж фотаальбома "Belarus Press Photo". Таксама Хадановіч прапанаваў стварыць папяровы часопіс, у якім друкаваліся б пераклады замежнай літаратуры па-беларуску. 

Адказ кіраўніка дзяржавы, кажа Хадановіч, расцягнуўся на паўтары гадзіны. Прычым, у сваёй прамове Лукашэнка закрануў і тэмы, якія Хадановіч не ўздымаў: 

Хадановіч: "Ніхто ўголас не пытаўся пра палітвязня Міколу Статкевіча. А прагучаў цэлы шэраг разваг, дзе палітык Лукашэнка тлумачыў матывы сваіх паводзінаў і чаму Статкевіч дагэтуль у зняволенні".

Таксама Лукашэнка згадаў пра тэракт у метро і разважаў пра немагчымасць адмены смяротнага пакарання. 

Канкрэтных адказаў на свае пытанні Хадановіч не пачуў і не ведае, ці будуць вырашаныя агучаныя ім праблемы. Але літаратар кажа, што кантэкст сустрэчы быў даволі пазітыўны. 

Лукашэнка нават звяртаўся да беларускай мовы: 

Хадановіч: "Калісьці кіраўнік дзяржавы быў заўважаны ва ўжыванні беларускай мовы для знявагі палітычнага апанента. Сёння пару такіх рэплік я з прыкрасцю пачуў. Але паралельна пачуў некалькі абсалютна, скажам так, у стылістычна пазітыўным кантэксце".

Фота: budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі