Хакейная зборная Беларусі прайграла Швецыі чвэрцьфінал
У сераду на "Мінск-Арэне" шведы святкавалі перамогу з лікам 3:2. Яны і выйшлі ў паўфінал чэмпіянату свету.
Даніэльсан адкрыў лік у большасці на 14-й хвіліне, Плат яго зраўнівае на 26-й, а на 34-й Яфіменка ўдала падправіў кідок Плата — 2:1. Аднак ужо на 38-й, зноў у большасці, Нюгрэн зраўнівае лік.
За 7 хвілін да канца асноўнага часу Аляксей Калюжны не рэалізаваў буліт і неўзабаве шведы закідваюць трэцюю шайбу, на 54-й хвіліне вызначыўся Экхальм.
Адзначым, што беларуская зборная гуляла без траўмаванага лідара — Міхаіла Грабоўскага.
Нагадаем вынікі астатніх сённяшніх чвэрцьфінальных матчаў: ЗША — Чэхія — 3:4, Расія — Францыя — 3:0, Канада — Фінляндыя — 2:3.
У паўфіналах у суботу сустрэнуцца зборныя Расіі і Швецыі, Чэхіі і Фінляндыі.