Хто такі Вадзім Лунгін, якога Харватыя выдала за "нелегальную" забудову ў Мінску

Хто такі Вадзім Лунгін, якога Харватыя выдала за "нелегальную" забудову ў Мінску

Стала вядома імя бізнесмена, якога днямі экстрадавалі з Харватыі ў Беларусь у межах справы пра "нелегальную" забудову ў Мінску. Гэта 54-гадовы Вадзім Лунгін. Яго падазраюць у арганізацыі схемы, што дазволіла будаваць у Мінску шматкватэрныя дамы замест катэджаў. 

Справа супраць яго і яго кампаньёна была распачатая ў 2014 годзе, калі Генпракуратура распавяла пра прыкладна 50 будынкаў у Першамайскім раёне Мінска, пабудаваных з парушэннямі. У асноўным яны месцяцца недалёка ад Севастопальскага парку, але праблема актуальная для ўсяго горада.

Хто такі Вадзім Лунгін?

Вадзім Лунгін нарадзіўся ў Мінску 24 красавіка 1963 года. Ён вучыўся ў 65-й школе ў Першамайскім раёне сталіцы — зусім недалёка, ад Севастопальскага парку і прыватнага сектара, дзе пасля будаваў дамы.

У 2000 годзе Лунгін скончыў Факультэт эканомікі і ўпраўлення гандлем БДЭУ. Атрымліваецца, што будаваць шматкватэрныя дамы па схеме, якую апісваюць Генпракуратура і Следчы камітэт, ён пачаў, яшчэ атрымліваючы эканамічную адукацыю.

Жонцы Вадзіма Лунгіна Надзеі Варанецкай 37 гадоў. У іх ёсць маленькая дачка.

Як працавала схема?

У цэнтры Мінска забудоўшчыкі куплялі старэнькі дом у прыватным сектары. Паводле дакументаў, яго пачыналі рэканструяваць, ператвараючы нібыта ў двухкватэрны жылы дом. 

Але на самой справе, пасярод аднапавярховых дамкоў вырастаў будынак не на дзве і не на тры, а на 10-20 кватэр. Часам будаўніцтва ажыццяўлялася за кошт забудоўшчыка, часам — за грошы дольшчыкаў, якія неўзадаве ўязджалі ў кватэры.

У 2000-я легальнасць гэтай схемы не выклікала сумневаў — Лунгін з партнёрам быццам бы знайшлі лазейку ў заканадаўстве. Але ў 2014-м годзе Генпракуратура, правяраючы абставіны забудовы, вырашыла, што закон усё ж парушаны.

Калі ўсё гэта адбывалася?

У 2014 годзе Генпракуратура сцвярджае, што схема працавала з 2006 года. Цяпер Следчы камітэт сцвярджае, што першыя "нелегальныя" дамы былі збудаваныя ў 1999 годзе.

Колькі дамоў паспелі так пабудаваць?

Лічба, якую Генпракуратура называла ў 2014 годзе, зменшылася ў 2,5 раза. Следчы камітэт паведамляе пра 18 шматкватэрных дамоў, пабудаваных там, дзе па дакументах мусілі з'явіцца катэджы.

Чаму Лунгіна не затрымалі раней?

Ён, таксама як і яго кампаньён, паспеў з'ехаць з Беларусі яшчэ да таго, як была распачатая крымінальная справа. За мяжой ён правёў каля чатырох гадоў. Але ў жніўні 2017 года Лунгіна затрымалі ў Харватыі пры спробе выехаць з краіны. У сярэдзіне кастрычніка яго перадалі беларускім праваахоўнікам.

 

Другі фігурант справы дагэтуль знаходзіцца ў вышуку.

Хто яшчэ замяшаны ў схеме?

Яшчэ ў 2014 годзе следчыя казалі, што схема не магла столькі гадоў працаваць без маўклівай згоды чыноўнікаў, адказных за архітэктуру і горадабудаўніцтва. Але пра затрыманні сярод іх да апошняга часу не было чуваць.

Што праўда, актывіст грамадзянскай кампаніі "Генплан для мінчан" Дзяніс Кобрусеў 26 кастрычніка паведамляе, што зняты з пасады Сяргей Трусаў, старшыня Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама. "Па чутках, сп. Трусаўпад следствам", — піша Кобрусеў.

Ці звязаныя гэтыя чуткі з тым, што Вадзім Лунгін дае паказанні ў мінскім СІЗА №1, пакуль няясна. У Мінаблвыканкаме Еўрарадыё паведамілі, што Трусаў знаходзіцца ў адпачынку і ў лістападзе з'явіцца на працы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі