Хто вінаваты ў пажары: шматдзетная маці ці энергетыкі, якія адключылі ёй электрычнасць?
28 жніўня ў адным з "сацыяльных" шматпавярховікаў у Слуцку адбыўся пажар, ахвярай якога ледзьве не стала шматдзетная сям'я. Нечакана пажар перарос у скандал: ратавальнікі з МНС абвінавачваюць у здарэнні энергетыкаў. Маўляў, пажару магло не быць, калі б супрацоўнікі слуцкага "Энергазбыту" не адключылі шматдзетнай маці, якая адна выхоўвае чатырох хлопчыкаў, электрычнасць за запазычанасць усяго ў 450 тысяч рублёў.
Па словах Людмілы, маці і гаспадыні кватэры, за электраэнергію яна не плаціла тры месяцы, за якія і набегла 500 кілават. Атрымаўшы 20 жніўня папярэджанне з "Энергазбыту" аб магчымым адключэнні святла, жанчына пайшла да мясцовых энергетыкаў і папрасіла пачакаць да 25-га жніўня, бо акурат у гэты дзень яна мусіла атрымаць дапамогу на дзіця (Людміла знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку). Аднак энергетыкі аказаліся людзьмі строгімі, вырашылі, відаць, правучыць шматдзетную маці і, не дачакаўшыся аплаты за пазыкі, раніцай 25-га адключылі ў кватэры электрычнасць.
Праўда, пра дзяцей і тое, як яны будуць жыць цягам трох дзён без святла (заяўка на падключэнне была падпісаная толькі на 28 жніўня), не падумалі.
"У мяне чацвёра дзяцей, і на тры мільёны, ведаеце, іх карміць і апранаць трэба, ― распавядае Людміла. ― Я прасіла пачакаць. Ды яны і ведалі, што ў мяне дзеці. У мяне дагэтуль была нявыплата ― у красавіку. Я ў траўні заплаціла за два месяцы. А тут ужо другі раз запазычанасць ― дык прыйшлі і адключылі. Яны проста не захацелі чуць нейкія аргументы. Ну, хочаце адключыць ― прыйдзіце 26-га, калі 25-га я не заплачу ― аплата ж да 25-га за святло і камунальныя ідзе ўключна. Але пачакаць не захацелі".
Высветлілася, што пасля аплаты, электрычнасць з'явіцца не адразу, а праз некалькі дзён. У выніку, уначы 28 верасня ў кватэры адбыўся пажар: якім чынам ён здарыўся, гаспадыня не разумее. Людміла кажа, што нехта з дзяцей заплакаў, яна прачнулася і ўбачыла полымя. Паводле яе, кватэра моцна пацярпела ад агню і жыць у ёй немагчыма. Але здарэнне ў нейкім сэнсе паскорыла пераезд сям'і ва ... ўласную кватэру.
"Я паралельна будавала кватэру і на свой Дзень нараджэння, 17 красавіка, атрымала ключы, ― распавядае Людміла. ― Рамонт там рабіла: паклеіла два пакоі і кухню. Праўда, пакуль там нават ванны няма".
Людміла кажа, што да дэкрэтнага адпачынку працавала ў аўтобусным парку і 12 гадоў жыла ў грамадзянскім шлюбе з бацькам трох малодшых хлопчыкаў. Цяпер яны разышліся і ён з'ехаў на заробкі ў Расію.
"За год ён тры разы прыязджаў. Апошні раз прыехаў, два дні хадзіў незразумела дзе. А потым прыйшоў п'яны ў дзве гадзіны ночы. Потым дзень ляжаў ― яму было кепска, а на чацвёрты дзень сабраўся і паехаў. Ну што гэта за бацька?"
Бацькоў у Людмілы няма, і ў выхаванні дзяцей яна разлічвае сама на сябе. Грошы, якія цяпер атрымоўвае ― выключна "дэкрэтныя". Спрабавала атрымаць адрасную дапамогу на шматдзетную сям'ю, ёй адмовілі: маўляў, малодшыя дзеці маюць аднолькавае імя па бацьку, значыць Людміла з некім пражывае, і дапамога ў такім выпадку не прызначаецца. Больш за тое, за кватэру ў сацыяльным доме жанчына плаціла арэндныя: 1 мільён 700 тысяч.
"Тры мільёны чатырыста дапамогі плацяць з новага года. Вось так і думаеш: ці то з гэтых грошай арэнду плаціць, ці то камунальныя, ці то дзяцей карміць", ― разважае Людміла.
Згодна з заканадаўствам, калі чалавек не плаціць за электрычнасць два месяцы без паважнай прычыны, яго спачатку папярэдзяць. Калі за 5 дзён ён не разлічыцца ― святло "адрубяць". Але ці не з'яўляюцца дзеці паважнай прычынай? Няўжо жыццё дзяцей менш важнае за выкананне строгіх правілаў? Няўжо сярод тых, хто адключыў святло Людміле, ніхто не паставіў сябе на яе месца? І няўжо, каб уключыць электрычнасць для сям'і з малымі дзецьмі, якую так лёгка адключыць, спатрэбілася цэлыя тры дні?
Энергетыкі з "БелЭнерга" лічаць "наезды" МНСнікаў і абвінавачанне іх у "бяздушшы і фармальным стаўленні да сваіх абавязкаў" неабаснаванымі. Яны правялі ўласнае раследаванне сітуацыі ў ходзе якога прыйшлі да высновы, што іх супрацоўнікі дзейнічалі ў межах нарматыўных актаў, а сама Людміла да іх прэтэнзій не мае. Але ведамства прыняло важнае рашэнне: цяпер уключаць святло шматдзетным сем'ям, якія былі пазбаўлены яго з-за запазычанасці, будуць на наступны дзень, калі тыя, натуральна, за яго заплацяць. Тым больш, што само падключэнне займае ўсяго 10 хвілін (сакрэт Еўрарадыё адкрылі ў службе абслугоўвання электрапрыбораў Мінска).
Чым скончыцца гісторыя ― пакуль не вядома. Па словах Людмілы, кватэра, якая пацярпела ад пажару, мусіць рамантавацца за кошт чыноўнікаў, якія нібыта адмовіліся ад кампрамісу і дапусцілі адключэнне святла. Прынамсі, на гэтым настойваў кіраўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС.
Фота: tut.by