IIHF паабяцала разабрацца з чэмпіянатам свету па хакеі-2021 да 11 студзеня
Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) паабяцала даць адказ пра арганізатараў чэмпіянату свету 2021 года да 11 студзеня.
Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) паабяцала даць адказ пра арганізатараў чэмпіянату свету 2021 года да 11 студзеня. Пра гэта расказаў генеральны сакратар Латвійскай федэрацыі хакея (LHF) Віестурс Казіёлс латвійскай газеце "Diena".
Беларусь і Латвія павінныя былі прыняць чэмпіянат свету 2021 года разам. Але пасля масавых рэпрэсій і гвалту ў Беларусі ўрад Латвіі не хоча праводзіць сумесны турнір.
Першапачаткова планавалася, што рада Міжнароднай федэрацыі хакея 18 лістапада прыме рашэнне наконт арганізацыі чэмпіянату свету. Але на пасяджэнні ніякіх рашэнняў з гэтай нагоды прынята не было.
Як паведаміў Віестурс Казіёлс, Латвія гатовая прыняць чэмпіянат у адзіночку, але з шэрагам умоў:
"Перш за ўсё, важны фінансавы аспект. IIHF разумее, што суфінансаванне неабходнае ў цяперашніх абставінах, і яны гатовыя яго даць. Гэта таксама павінна быць растлумачана як мага хутчэй, таму што засталося не так шмат часу. Мы дамовіліся, што ў нас будзе выразны адказ".
Чэмпіянат свету 2021 года запланаваны на 21 траўня — 6 чэрвеня. Раней планавалася, што чэмпіянат пачнецца 7 траўня, але ён быў адкладзены на пару тыдняў, паколькі нацыянальны чэмпіянат у Еўропе мог быць адкладзены.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.