Ілан Маск заявіў пра паспяховае ўжыўленне чыпа ў мозг чалавека
Ілан Маск
Кампанія Neuralink ўпершыню паспяхова ўжывіла бесправадны чып у мозг чалавека. Пра гэта ў сацсетцы Х напісаў уладальнік кампаніі мільярдэр Ілан Маск.
Першыя вынікі працы ўжыўленай прылады ён назваў шматабяцальнымі: яна добра вызначае нервовыя імпульсы.
Чып у мозгу павінен забяспечваць сувязь паміж мозгам чалавека і камп'ютарам. У Neuralink мяркуюць, што прылада дапаможа ў барацьбе і з фізічнымі праблемамі, і з псіхічнымі засмучэннямі.
Амерыканскія ўлады выдалі кампаніі Маска ліцэнзію на выпрабаванні чыпа на людзях у траўні 2023 года. Як нагадвае Бі-Бі-Сі, выпрабаванні мусяць працягнуцца шэсць гадоў.
Чып з датчыкамі, як кажуць у Neuralink, ужыўляецца ў тую вобласць мозгу, якая адказвае за намеры руху. Прылада ўлоўлівае сігналы мозгу і перадае іх на вонкавае прыстасаванне, а тое расшыфроўвае, які рух хоча зрабіць чалавек.
Ілан Маск у сваіх твітах заявіў, што яго прыстасаванне будуць усталёўваць найперш людзям з паралізаванымі канечнасцямі.
The first human received an implant from @Neuralink yesterday and is recovering well.
— Elon Musk (@elonmusk) January 29, 2024
Initial results show promising neuron spike detection.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.