Інфармацыю пра Беларусь Кудрыну перадала ФСБ

Эксперты называюць заяву Кудрына хітрасцю, а Беларусь параўноўваюць з беспрацоўным суседам, які не хоча шукаць новую працу і працягвае пазычаць, але канстатуюць — лета яшчэ працягнем, а вось да канца крызісу можам і не дажыць. У Беларусі заяву міністра фінансаў Расіі Аляксея Кудрына пра неплацежаздольнасць нашай краіны ўспрынялі адназначна: Расія адмовіла ў крэдыце. У той жа вечар, калі заява была зроблена, Аляксандр Лукашэнка правёў амаль сяброўскую сустрэчу з прэм’ерам Расіі Ўладзімірам Пуціным. Сітуацыя не выглядае адназначна, а больш падобна на тонкую палітычную гульню.

На думку эканаміста Леаніда Заікі, як неперспектыўную сітуацыю ў Беларусі ацаніла фінансавая разведка ФСБ Расіі. І Кудрын, як ёсць, перадаў інфармацыю кіраўніцтву Беларусі, каб выкарыстаць гэты козыр пры набыцці нашых прадпрыемстваў.

Леанід Заіка: “Адмоўны гандлёвы баланс з Расіяй у 600 мільёнаў долараў, спробы Лукашэнкі пазычыць грошы ў МВФ, Венесуэле, а таксама спробы атрымаць грошы за транзіт. Тут спрацавала фінансавая разведка, і Кудрын сказаў кіраўніцтву Беларусі аб тым, што сітуацыя кепская”.

Але ў першую чаргу расіян цікавяць беларускія прадпрыемствы. Іх яны хочуць набыць за танна.

Леанід Заіка: “Спачатку Расію цікавіць уласнасць. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе больш за 70% дзяржаўнай уласнасці. Перш за ўсё іх цікавяць буйныя актывы. У перыяд крызісу, у сітуацыі даведзенай да ручкі ўласным кіраўніцтвам, можна набыць усё танна. Атрымаць фінансавы кантроль над калійным камбінатам, металургічным заводам, аўтазаводам, трактарным заводам. Стварэнне шчыльнага эканамічнага кантролю і стварэнне ўмоў, калі любое кіраўніцтва будзе фармавацца са згоды Крамля".

Сяргей Чалы адзначае, што Беларусь хоча перачакаць крызіс і параўноўвае Беларусь з суседам, які раптам страціў працу.

Сяргей Чалы: "Чалавек згубіў працу і ходзіць пазычае па суседзях: дайце яшчэ месяц працягнуць, яшчэ месяц… Яму б на новую працу ісці, а ён спадзяецца, што само неяк рассасецца”.

Паводле яго слоў, не атрымаўшы расійскі крэдыт, Беларусі можа не хапіць некалькіх месяцаў да заканчэння крызісу. Але гэтае лета мы яшчэ працягнем. Бо і ў фінансістаў мёртвы сезон.

Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў пра скандальную заяву Кудрына даведаўся ад Еўрарадыё. Тым не менш, ён лічыць, што гэта Беларусь павінна выказваць прэтэнзіі расіянам за іх “шэры імпарт” у нашу краіну.

Міхаіл Кавалёў: “Кудрын заўсёды вядомы сваімі нетрадыцыйнымі заявамі. Я магу толькі сказаць, што гэтыя словы цалкам не адпавядаюць рэчаіснасці, і ніякіх асаблівых вялікіх праблем у Беларусі з плацежным балансам няма, хіба што трэба трошкі тармазнуць “шэры імпарт”, які ідзе з Расіі”.

З іншага боку, Міхаіл Кавалёў падкрэслівае, што ў Расіі маглі скончыцца грошы для выдавання крэдытаў.

Міхаіл Кавалёў: “Думаю, што Расія так непрадумана размяшчала свае рэзервы, што не выключаю, што ў іх сапраўды ўжо няма якіх-небудзь соцень мільёнаў долараў, каб даць іх у крэдыт”.

Эканаміст Аляксандр Чубрык мяркуе, што які б не быў лёс расійскага крэдыту, не пазней, чым праз адзін квартал гэтага года адбудзецца спад беларускай эканомікі.

Аляксандр Чубрык: "Няма ніякіх крыніцаў эканамічнага росту. Крэдытам можна падсілкаваць эканоміку на кароткі перыяд. Але гэта рабілася, і далей рабіць няма сэнсу. Перш за ўсё, што няма куды складаць гатовую прадукцыю. Калі дадуць крэдыт, то будзе тое самае, што без крэдыту, толькі праз 2-3 месяцы. Мы толькі павялічым знешні доўг. І адкладзем на адзін квартал падзенне".

На думку некаторых экспертаў, Расія спекулюе на крэдыце, каб хутчэй падштурхнуць Беларусь прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Але палітолаг Юрый Шаўцоў сувязі “крэдытнага скандалу” і палітыкі не бачыць.

Юрый Шаўцоў: “Я тут не бачу следу Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Аргументацыя Кудрына не палітычная, а эканамічная. Яна сыходзіць з вуснаў міністра, які ніколі палітычнымі пытаннямі не займаўся. Таму я разглядаў бы гэта выказванне ў кантэксце поглядаў Кудрына на беларускую фінансавую сістэму. А ці правільна яе Кудрын ацэньвае? Я думаю, не”.

Юрый Шаўцоў не згодны з тым, што наша эканоміка вось-вось зруйнуецца і аргументуе гэты погляд даследаваннямі Міжнароднага валютнага фонду.

Юрый Шаўцоў: “Такога ж самага кшталту заключэнняў (як у Кудрына, — Еўрарадыё) МВФ не даваў. Больш за тое МВФ дае грошы. Таму мне падаецца, што Кудрын такімі выказваннямі лабіруе нейкія эканамічныя зацікаўленасці Расіі падчас перамоваў з Беларуссю”.

А вось эканаміст Сяргей Чалы мяркуе, што расійскі крэдыт нам быў патрэбны, каб атрымаць грошы ад МВФ.

Сяргей Чалы: "Тут ідзе гульня на час. Відавочна што рускія апошнія тыдні - месяцы, узяліся за Беларусь. Спрабуюць аказваць эканамічны і палітычны ціск. Тут пытанне вырашаецца ў некалькіх днях. У нас была місія МВФ, якая з'ехала і засталася незадаволеная 2-ма пунктамі. Самы галоўны з іх, тое што Беларусь не дастаткова нарасціла валютныя рэзервы. Нам там не хапіла каля 200 мільёнаў долараў".

А калі б да 30-га мы паспелі атрымаць расійскі крэдыт, то аўтаматам бы атрымалі і грошы ад МВФ.

Сяргей Чалы: "Калі б мы паспелі атрымаць расійскі крэдыт, то мы б выканалі умовы МВФ і атрымалі ў ліпені грошы. Фактычна гэта пытанне не аб 500 мільёнах, а аб 900 мільёнах".

Тым не менш, Расія не можа не даць крэдыт Беларусі, кажа Сяргей Чалы, бо пагадненне падпісанае ўжо даўно. А заява Кудрына гэта — хітрыкі.

Сяргей Чалы: "Крэдыт, пра які ідзе размова, даецца на 15 год з адтэрміноўкай аплаты на 5 год. А тое што ў бліжэйшыя месяцы Беларусь з нечым сутыкнецца, ніяк не звязана з крэдытам. Відавочна гэта палітычны ціск, а магчыма спроба стварыць валютную паніку".

З тым, што Расія ўсё ж не зможа адмовіць Беларусі ў крэдыце, згаджаюцца і расійскія эканамісты. Эксперты аддзела эканамічнай палітыкі расійскай газеты “Коммерсантъ” адзначаюць, што ёсць дамова, якую пакуль ніхто не скасоўваў.

Аддзел эканамічнай палітыкі: “Заява – гэта словы. Яны павінны быць аформлены дакументальна, каб быць рэалізаванымі. А дакументаў пакуль няма”.

Увогуле, афіцыйная пазіцыя Расіі наступная – Беларусь сама адмовілася ад крэдыту, а не наадварот.

Аддзел эканамічнай палітыкі: “Сітуацыя даволі загадкавая. Па нашых лентах карціна выглядала іначай. А менавіта: Расія прапанавала перавесці крэдыт у 500 мільёнаў долараў у рублях. Матывацыя была наступная: рублі патрэбныя Беларусі для ўзаемнага гандлю і так далей. Увогуле прыйшлося канстатаваць, што дакладна невядома, хто каму адмовіў з крэдытам”.

У прэс-службе Міністэрства фінансаў Расіі Еўрарадыё выклалі версію, што гэта Беларусь адмовілася ад траншу крэдыту. А прэтэнзіі да нашай краіны таксама маюцца, бо эканоміка Беларусі згубіла каля 2 мільярдаў долараў залатавалютных рэзерваў на падтрыманне курсу рубля. І працягвае нерацыянальна губляць вялізныя грошы.

На пытанне, якая рэакцыя міністэрства на выказванні Аляксандра Лукашэнкі ў бок Аляксея Кудрына, Еўрарадыё накіравалі да ананімнай, набліжанай да міністра асобы, спадара Андрэя. Наконт разрыву беларуска-расійскіх эканамічных адносінаў чыноўнік выказаўся:

“Я не думаю”.

Наконт абразы прэзідэнта Лукашэнкі ўсміхнуўся:

“Мы гэта каментаваць не будзем. Ніколі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі