Інфляцыя ў Беларусі ад пачатку года перавысіла гадавы прагноз
Індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі ў ліпені на 11,1% перавысіў паказчык снежня 2013 года.
У параўнанні з чэрвенем рост цэнаў склаў 0,9%, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт.
Цэны на харчовыя тавары ад пачатку года выраслі на 14,8%. Найбольш істотна падаражэлі яйкі (на 11,1%), цукар (на 9,1%), алкагольныя напоі (на 2,9%), гарбата (на 2,2%), каўбасныя вырабы і вяндліна (на 1,8%), крупы і бабовыя (на 1,1%). Знізіліся цэны на масла (на 0,5%), бульбу (на 11,2%) і гародніну (на 11,7%).
Цэны на нехарчовыя тавары ад пачатку года павялічыліся на 3,6%. Больш за ўсё ў ліпені падаражэлі бензін (5,5%), пісьмовыя прылады (3,5%), медыкаменты (2,5%), сінтэтычныя мыйныя сродкі (1%).
Цэны і тарыфы на платныя паслугі ад пачатку года выраслі на 16,5%. Больш за іншыя падаражэлі санаторна-аздараўленчыя паслугі (3,7%), чыгуначныя міжнародныя зносіны (3,4%), побытавыя (на 1,5%).
Нагадаем, паводле афіцыйнага прагнозу інфляцыя па выніках 2014 павінна скласці 11%. Аднак урад папярэджваў, што гэты паказчык можа быць перагледжаны ў горшы бок. У красавіку старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова заяўляла, што інфляцыя замест 11% у год можа скласці каля 16-17%.
Фота — ngs.ru