Інтэрнэт-махляры скралі ў беларусаў грошы, абяцаючы аўто з Кітая
Аўтамабілі, ілюстрацыйнае фота
Некалькі беларусаў страцілі вялікія сумы грошай, паверыўшы махлярам, якія абяцалі легкавыя аўтамабілі з Кітая, паведамляе Следчы камітэт.
37-гадовы гродзенец знайшоў у Instagram старонку крамы logran.trade.auto, на якой рэкламаваўся продаж аўтамабіляў з Кітая. На старонцы былі прыгожыя фатаздымкі машын: станоўчыя водгукі кліентаў і прафесійныя кансультанты. Гродзенец паверыў і звязаўся з менеджарам. Мужчыну даслалі ўзор дамовы, у якім былі ўлічаныя ўсе яго пажадання.
Жыхар Гродна падпісаў дакумент, адкрыў рахунак у банку і перавёў грошы на ўказаны махлярамі рахунак. Пацвярджаючыя дакументы ён даслаў ілжэпрадаўцу. Яшчэ 10 дзён махляры вадзілі пакупніка за нос, прыдумляючы даты пастаўкі аўто. А потым яны проста перасталі выходзіць на сувязь.
Зразумеўшы, што яго падманулі гродзененц звярнуўся ў міліцыю. Ён перавёў махлярам больш за 72 тысячы рублёў.
Падчас расследавання крымінальнай справы выявіліся яшчэ два гродзенцы, якія сталі ахвярамі гэтых жа махляроў. Кожны з іх перавёў таксама больш за 70 тысяч рублёў.
Мужчыны распавялі, што не сумняваліся ў рэальнасці дамоваў і былі перакананыя, што неўзабаве атрымаюць сучасныя іншамаркі. Ім таксама падабалася паасобная аплата: першапачаткова ўносіліся грошы толькі за машыну, а астатнія выдаткі — па прыбыцці аўтамабіля ў Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.