Каб зазірнуць у кватэру Ягора Марціновіча, сілавікі выбілі вочка дзвярэй
19 траўня ў Мінску прайшоў ператрус у кватэры галоўнага рэдактара "Нашай нівы" Ягора Марціновіча і яго жонкі, супрацоўніцы TUT.by Адар'і Гуштын. Сілавікі прыйшлі, калі нікога дома не было. Марціновіч даведаўся пра гэта ад суседзяў і каля 18-й гадзіны прыехаў на месца. Ён піша ў Facebook, што сілавікі выбілі вочка дзвярэй, "каб паглядзець унутр". А "побач стаялі спецыялісты з нейкім "бервяном", каб выбіваць дзверы", дадае галоўны рэдактар "Нашай нівы".
"Я прыйшоў, адамкнуў дзверы і спытаў, у чым была праблема пазваніць па тэлефоне", — працягвае Марціновіч. Тэхніку з кватэры забралі, а "70 рублёў, якія яны знайшлі, пакінулі".
Супрацоўнікаў TUT.by падазраюць ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры. Заяўляецца, што яны як рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій атрымлівалі льготы, але займаліся дзейнасцю, не прадугледжанай у ПВТ. Прайшлі затрыманні, ператрусы, сайт TUT.by заблакаваны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.