Калі ўжо будзе цёпла?

Сёння ўначы тэмпература паветра ўпала да -4 па Цэльсіі. "Еўрапейскае радыё” вырашыла адшукаць адказ на пытанне, якое ўсё больш і больш хвалюе людзей: калі на вуліцы ізноў вернецца вясна? Калі ўжо будзе цёпла? Цёплыя сакавіцкія дні прыгадваюцца як сон, вятроўкі і кароткія спаднічкі, што былі адваявалі ў футраў сваё законнае месца на целах беларусаў, пахаваныя па шафах.

Нечаканыя змены надвор’я сапраўды збянтэжылі беларусаў. Жанчына, якой я выпадкова патэлефанаваў замест дзяжурнага сіноптыка, параіла нашай рэдакцыі ратавацца ад холаду “гаручым”. А ў адказ на пытанне “Чаму на двары так халодна?” я пачуў вось што:

Жанчына: “Вы патэлефануйце ў царкву, там вам патлумачаць. Яны ведаюць — чаму”.

У царкву я тэлефанаваць не стаў, затое ўсё ж датэлефанаваўся ў Рэспубліканскі гідраметэацэнтр.

Па меркаванні Дзмітрыя Рабава, начальніка службы гідраметэапрагнозаў, анамалія – гэта не сённяшнія сціплыя “+2 … +4” на тэрмометры, а надзвычай высокія тэмпературы ў сакавіку.

Дзмітрый Рабаў: “Сакавік у нас атрымаўся самы цёплы за ўвесь перыяд назірання. Блізка да гэтага быў сакавік 1990-га. Зіма таксама была неардынарнай. Такія цёплыя зімы ў Беларусі — досыць рэдкая з’ява, яны здараюцца раз на 30 гадоў. Напрыклад, у снежні на некаторых нашых метэастанцыях тэмпература паветра была +10 …+12”.

Во як у гэтым годзе пашанцавала марцовым катам! З красавіцкім жа пахаладаннем анамальна цёплае надвор’е, наадварот, амаль прыйшло ў норму. Сённяшнія -4 ўночы і +2 ўдзень толькі на два градусы ніжэй за нармальнае надвор’е.

Нягледзячы на перыядычны снег і мінусавую тэмпературу ўначы, з беларускіх палёў аптымістычна рапартуюць, што зерневыя і зернебабовыя культуры пасеяныя ўжо на 89% ад запланаваных плошчаў.

Наконт таго, ці ёсць верагоднасць згубіць частку ўраджаю праз раптоўнае пахаладанне, разважае Рыгор Раманюк, начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

Рыгор Раманюк: “Што датычыцца ярыны, сапраўды, недзе да 15-га сеў будзе завершаны. У большасці выпадкаў усходаў яшчэ няма, таму нізкія тэмпературы на іх не адаб’юцца. Што датычыцца цеплалюбівых культур, мы ў час атрымалі прагноз наконт пахаладання, і таму з іх пасевам ніхто не спяшаўся”.

Больш за ўсё любіць цяпло насенне бульбы і буракоў, якія там-сям такі пасеялі. Да кукурузы не дайшло ўвогуле — і гэта файна. Яшчэ адна станоўчая навіна ў тым, што замарозкі ўначы і сумнае “каля нуля” ўдзень са снегам і іншымі не вельмі прыемнымі ападкамі і раслінам, і людзям давядзецца цярпець толькі да выходных.

Дзмітрый Рабаў: “Тэмпература ў выходныя дні прагрэецца ад +5 па поўначы да +11 па поўдні. Ёсць верагоднасць, што на захадзе краіны будзе яшчэ цяплей — слупкі тэрмометраў паднімуцца да 13…15 градусаў”.

Такім чынам, неўзабаве атрымае шанец ад надвор’я і зарана пасеяная бульба, і каты, якія неабачліва адклалі рэалізацыю сваіх інстынктаў на красавік.

Праўда, далейшыя прагнозы сіноптыкаў увогуле несуцяшальныя: у канцы красавіка — пачатку траўня замарозкі звычайна бываюць яшчэ больш жорсткія. Так што спяшайцеся жыць на наступным тыдні, пакуль будзе цёпла.


Фота — www.picturegrill.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі