Калона расійскіх і беларускіх байкераў прыбыла на Курган Славы
На месцы іх сустрэлі беларускія калегі.
У другой палове дня 26 красавіка на Курган Славы пад Мінскам прыехала калона з 15 расійскіх, сямі беларускіх і аднаго казахстанскага байкера. Яны прыбылі ў рамках мотапрабегу "Дарогі Перамогі". Каля Кургана іх сустрэлі яшчэ каля 30 беларускіх матацыклістаў, перадае БелаПАН.
Нагадаем, што намеры байкераў расійскага клуба "Начныя ваўкі" правесці гэты прабег былі негатыўна сустрэтыя ў розных еўрапейскіх краінах. Крытыкі адзначалі, што ўдзельнікі клуба ладзілі агітацыю ў Крыме перад яго далучэннем да Расіі. Польшча і Нямеччына забаранілі "Начным ваўкам" уезд на сваю тэрыторыю. Тым не менш, як паведамляецца, сёння частка расійскіх байкераў наведала могілкі ў польскім Браневе, прыехаўшы з Калінінграда.
У Беларусь калона расійскіх байкераў прыбыла вечарам 25 красавіка. Яны плануюць наведаць Курган Славы, Хатынь і Брэсцкую крэпасць. Беларускія актывісты меркавалі сустрэць іх уначы 25 красавіка каля Кургана Славы, упрыгожыўшы танк беларускай і ўкраінскай сімволікай і надпісам "Акупанты — вон". Але расійскія байкеры адсталі ад намечанага графіку.
Фота — evillab.org