Камандзір АМАПа: Пра бойкі футбольных фанатаў, службу і высокую ідэю

У красавіку фанаты двух футбольных клубаў паскардзіліся ў інтэрнэце на магілёўскі АМАП. Спачатку з’явілася інфармацыя пра некарэктны дагляд юнака з тарсіды “Дынама-Мінск”. Потым ― сігнал ад фанатаў сталічнага “Партызана”: заманілі ў лес, выскачылі ў масках, адлупілі. Праўда, афіцыйна ніхто з заўзятараў у праваахоўныя органы не паскардзіўся. Аналагічныя навіны з’яўляліся і раней.

Таму едзем у Малую Бароўку пад Магілёў, каб пагутарыць з камандзірам мясцовага атрада міліцыі асаблівага прызначэння, падпалкоўнікам Сяргеем Волкавым.

Трэба сказаць, што тутэйшы АМАП па выніках мінулагодніх спаборніцтваў сярод спецпадраздзяленняў стаў найлепшым сярод АМАПаў Беларусі. Унутры базы стаяць старыя невысокія забудовы ў цёмных колерах, службовы транспарт. Здавалася б, нічога асаблівага. Але здымаць тут не дазваляюць.

Падпалкоўнік Сяргей Волкаў прымае ў сваім службовым кабінеце і адразу ж выказваецца наконт сітуацыі з фанатамі.

Сяргей Волкаў: Калі разглядаць інфармацыю аб “зверскім” збіцці фанатаў “Партызана”, то 20 красавіка мне паступіла інфармацыя, што фанатычна настроеныя заўзятары маюць намер у колькасці 100 чалавек прыбыць у Асіповічы і зладзіць масавую бойку з апанентамі ад ФК “Асіповічы”. Ад кіраўніцтва райаддзелу мы атрымалі інфармацыю, што на станцыі “Вярхі” знаходзіцца група ў колькасці прыкладна 20 чалавек. Мы разумелі, чаму яны там выйшлі і не паехалі да Асіповічаў: хацелі дачакацца іншых сваіх паплечнікаў і здзейсніць масавую бойку. Калі вы грамадзяне правапаслухмяныя і заўзееце за свой клуб, чаму выходзіце на станцыі “Вярхі”? Чаму не едзеце да Асіповічаў, дзе можна пайсці ў кавярню, пагуляць па горадзе да пачатку матча? Але тут іншая сітуацыя. Яны папярэдне дамаўляюцца аб сустрэчы і масавай бойцы. Амаль у кожнага з гэтых хлопцаў меліся капы (каб не пашкодзіць зубы і губы падчас бойкі), меліся баксёрскія бінты. Гэта ўсё пацвярджала інфармацыю аб іх намеры пабіцца. Супрацоўнікі АМАПа не ўжывалі фізічнай сілы. Былі выкарыстаны прафілактычныя меры для папярэджання і недапушчэння масавай бойкі. Гэта ў прыватнасці дагляд гэтых асоб. Супрацоўнікі АМАПа прапанавалі ім праехаць на стадыён. Улічваючы, што план не будзе здзейснены, яны адмовіліся ехаць на прагляд матча. Першым жа рэйсам адправіліся на электрычцы ў Мінск.

Еўрарадыё: Чаму ў СМІ апошнім часам грыміць менавіта магілёўскі АМАП?

Сяргей Волкаў: Можа быць, наўмысна пішуць пра некага аднаго для лепшага эфекту. Але мы размаўляем фактамі. Выкажуся і наконт заўзятара “Дынама-Мінск”, якога нібыта білі. Адзін з нашых супрацоўнікаў падчас дагляду звярнуў увагу на заўзятара. Той меў налепку, якая выклікала сумневы. Супрацоўнік суправадзіў гэтага заўзятара ў групу разбіральніцтваў. Працэс заняў да пяці хвілін, не больш. Праверылі, сімволіка не была забароненай. Гэты ж супрацоўнік правёў заўзятара на стадыён, дзе ён разам з іншымі прагледзеў увесь матч і разам з іншымі арганізавана з’ехаў у Мінск. Ніякай сілы, ніякіх абмежаванняў у адносінах да яго не прадпрымалася. Разам з тым у некаторых СМІ напісалі, што ў заўзятара правяралі дакументы і збівалі. Гэта няпраўда. Падчас дагляду грамадзяніна правяраюць толькі наконт праносу забароненых рэчаў. Дакументы не просяць. Крыніца, якая давала інфармацыю, многае прыдумала. Гэтыя факты не маюць пацвярджэнняў.

Меры прафілактычнага накірунку

Еўрарадыё: Як лічыце, чаму да футбольных заўзятараў настолькі пільная ўвага, што гэта бесперастанку абмяркоўваецца ў СМІ?

Сяргей Волкаў: Ёсць звычайныя заўзятары, якія папулярызуюць свой клуб, арганізавана яго падтрымліваюць. У гэтым няма нічога дрэннага. Мне даводзілася быць на футбольнай гульні БАТЭ і “Зеніта”. Там было каля 3000 прыезджых заўзятараў з Санкт-Пецярбургу ўзростам прыкладна ад 20 гадоў да 60 гадоў. Яны не сядзелі ўсе на адным сектары, былі раскіданы па стадыёне і выдзяляліся сінімі колерамі. Яны здзівілі мяне тым, што надзвычай цывілізавана і зладжана заўзелі. Адзін сектар спявае куплет песні, а потым жэстамі перадае яе наступнаму сектару. Тыя спяваюць другі куплет і так далей. Разумееце? І я нашым фанатычна настроеным заўзятарам увесь час прыводжу гэта ў прыклад. Але ёсць фанатычна настроеныя заўзятары. Яны аб’ядноўваюцца ў групы і папулярызуюць не толькі клуб, але і свой фанатычны рух. Сустракацца з іншымі фанатамі і сілавымі метадамі высвятляюць адносіны. У такіх выпадках органы ўнутраных спраў павінны забяспечыць грамадскі парадак. У тым ліку законам вызначана задача прафілактыкі правапарушэнняў, прымаецца шэраг мер па папярэджанні.

“Ці здараліся апошнім часам нейкія абуральныя хуліганствы з боку нашых футбольных фанатаў?” ― цікавімся ў Сяргея Волкава.

Падпалкоўнік дастае папку за 2012 год. У ёй ― выпадкі, якія прагучалі на ўвесь свет. Гэта, напрыклад, трагедыя ў егіпецкім Порт-Саідзе, дзе пачалося з таго, што хуліганы выбеглі на поле і пачалі збіваць футбалістаў. У выніку сітуацыя перарасла ў масавыя беспарадкі і цісканіну. Загінула больш за 70 чалавек, сотні атрымалі траўмы і калецтвы. Узгадвае Волкаў і хваляванні на Манежнай плошчы ў Маскве, куды ў знак пратэсту на забойства фаната вываліла да 50 тысяч яго паплечнікаў.

“Калі браць Беларусь, узгадаю 2002 год. Фанатычныя заўзятары клуба БАТЭ ехалі з Салігорска і на станцыі “Старыя Дарогі” перашкаджалі руху цягніка, разбілі каля шасці вокнаў, ― працягвае Сяргей Волкаў. ― Па Беларусі такія факты таксама ёсць, але колькасць фанатычных заўзятараў меншая і гэта, можа быць, адзін са станоўчых фактараў, які ўплывае на грамадскі парадак. На двары XXI стагоддзе, прыйшоў час заўзець за свае клубы цывілізавана, а не сілавымі сутыкненнямі. Навошта гэта? Да чаго гэта? Тых жа супрацоўнікаў органаў унутраных спраў вы адрываеце ад іншых мерапрыемстваў, можа быць, больш сур’ёзных. Навошта? І потым на тых жа супрацоўнікаў ідуць скаргі, што ствараюць абмежаванні. Уявіце сабе сітуацыю: чалавек прыходзіць на футбол адпачыць, з дзіцем. А тут побач адбываецца масавая бойка. Гэта страшна, напэўна. Таму мы і прымаем шэраг мер прафілактычнага кірунку”.

Якім павінен быць ідэальны амапавец?

Еўрарадыё: Часам нашы людзі блытаюцца ў спецпадраздзяленнях. Якія задачы стаяць менавіта перад АМАПам?

Сяргей Волкаў: Гэта забеспячэнне грамадскага парадку ў найбольш крымінагенных месцах. У нашым выпадку размова вядзецца пра Магілёў і вобласць. Гэта аказанне сілавога садзейнічання падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Напрыклад, калі адбываецца затрыманне небяспечных злачынцаў, узброеных груп. Таксама гэта забеспячэнне парадку падчас масавых мерапрыемстваў, у тым ліку футбольных матчаў. І дзеянні у выпадку надзвычайных сітуацый.

Еўрарадыё: Хто трапляе да вас на службу? Якія якасці павінны быць уласцівы байцу?

Сяргей Волкаў: Кандыдат павінен прайсці службу ва ўзброеных сілах. Як правіла ― у падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння. Рост ― не ніжэйшы за 180 см. Дзесьці, калі кандыдат з’яўляецца майстрам спорту ці мае права нашэння крапавага берэту, мы адхіляемся ад гэтага правіла. Аддаём перавагу спартоўцам. З кожнай кандыдатурай працуе псіхолаг: ці зможа баец працаваць ва ўмовах групы, ва ўмовах падвышанай нагрузкі, экстрэмальнай сітуацыі. Вывучаецца ўвесь перыяд жыцця кандыдата. Звяртаемся да яго класнага кіраўніка. Калі ён навучаўся ў ВНУ, то выязджаем пагутарыць з педагогамі. Калі служыў у войску, то размаўляем з камандзірамі. Пасля праводзіцца стажыроўка, па выніках якой робіцца канчатковая выснова.

Еўрарадыё: Міліцэйскія начальнікі раз-пораз даюць інфармацыю, што супрацоўнікі АМАПа зарабляюць няшмат, але хутка атрымліваюць жыллё. Ці выгадна быць байцом атрада?

Сяргей Волкаў: Вы прысутнічаеце ў мяне на базе. Ці шыкоўна мы жывём? Сціпла, праўда? Мы працуем не за зарплату, хоць матэрыяльны дабрабыт у сям’і многае значыць. Усе супрацоўнікі органаў унутраных спраў маюць пэўныя сацыяльныя гарантыі, якія дазваляюць жыць годна. Гэта і льготнае крэдытаванне, і нармальны ўзровень жыцця. Але ў АМАПе павінны служыць за ідэю.

Еўрарадыё: А ў чым ідэя?

Сяргей Волкаў: Калі я быў дзіцем, мая ўлюбёная перадача была “Служу Савецкаму Саюзу”. Я не стаў афіцэрам Узброеных сіл, але трапіў у МУС. І мне гэта праца падабаецца: насіць пагоны, служыць людзям, змагацца са злачыннасцю. Проста ад гэтага атрымліваеш нейкае ўнутранае задавальненне. Служыць у АМАПе цяжка, але годна.

Еўрарадыё: Які распарадак тыдня ў супрацоўніка АМАПа? Ці больш даводзіцца працаваць, чым гэта робіць звычайны рабочы: восем гадзін на дзень плюс два выхадныя?

Сяргей Волкаў: Графік ствараецца з улікам Працоўнага кодэксу. Заняткі па службовай падрыхтоўцы ўваходзяць у службовы час. Але аператыўная абстаноўка можа скласціся так, што супрацоўнік будзе прыцягнуты і ў асабісты час.

Еўрарадыё: Ці бываюць сітуацыі, калі сёння супрацоўнік АМАПа рызыкуе жыццём?

Сяргей Волкаў: Вы помніце выпадак 2013-га года, калі ў Мінску загінуў міліцыянер патрульна-паставой службы? Ці думаў ён, што будзе рызыкаваць жыццём? Не, але так здарылася. Нашы ж супрацоўнікі выконваюць задачы падвышанай складанасці, з рызыкай для жыцця. Заключныя стадыі аператыўных мерапрыемстваў выконваюць супрацоўнікі АМАПа. Затрыманне злачынцаў здзяйсняюць нашы байцы.

Помнік загінулым супацоўнікам МУС, усталяваны каля УУС Магілёўскага аблвыканкама

Еўрарадыё: Ці бывалі выпадкі ў апошнія гады, каб ваш супрацоўнік быў, напрыклад, паранены?

Сяргей Волкаў: Некалькі гадоў таму баец быў паранены падчас затрымання злачыннай групы, якая здзяйсняла ўзброеныя напады на фуры. Зараз ён працягвае служыць на камандзірскай пасадзе. Былі выпадкі, калі супрацоўнікі атрымлівалі цялесныя пашкоджанні. Гэта працоўныя пытанні, якія могуць узнікнуць у любой сітуацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі