Канфіскоўваць незарэгістраваныя дачныя ўчасткі пакуль не будуць?

Сёння - 8 кастрычніка - апошні дзень, калі дачнікі маглі зарэгістраваць свае ўчасткі. Тыя, хто ва ўказаныя тэрміны не паспее, згодна з Указам прэзідэнта рызыкавалі развітацца са сваімі дачамі. Але як даведалася Еўрарадыё адбіраць участкі ў дачнікаў пакуль не будуць.
Нагадаем, 8 жніўня набыў сілу Указ №50, па якім уладальнікі дачных участкаў на працягу двух месяцаў павінны іх зарэгістраваць. "Невыкананне гэтага патрабавання з'яўляецца падставай для канфіскацыі указаных зямельных участкаў" - адзначалася ва Указе.

Як раз сёння і мінула два месяцы з пачатку дзеяння ўказу. Тэрміны падаўжацца не будуць, паведаміла Еўрарадыё начальнік аддзела землеўладкавання Брэсцкай абласной геадэзічнай і землеўладкавальнай службы Валянціна Маркевіч.

Але па яе словах, тыя, хто не паспеў, яшчэ змогуць зарэгістраваць свае ўчасткі. Праўда зрабіць гэта будзе складаней:

"Не, тэрміны не будуць прадаўжацца, але ўжо ёсць парадак, па якім будзе афармляцца далей. Гэта значыць, з 8-га кастрычніка, з сённяшняга дня тыя, хто не паспеў, будуць рэгістраваць ва ўстаноўленым парадку. З усталяваннем межаў... Ужо не па спрошчанай сістэме".

Дык ці варта хвалявацца тым, чые дачы засталіся незарэгістраванымі? Юрыст віцебскага аблвыканкаму супакойвае нас. Кажа - нічога страшнага няма:

"Там жа ва ўказе напісана - "участак можа быць канфіскаваны"... але ж можа і не быць! А грамадзяне і далей могуць спакойна звяртацца за рэгістрацыяй зямельных участкаў. Тут нічога страшнага няма".

Цікава, што ў жніўні па дадзеных Дзяржкаммаёмасці ў Беларусі заставалася каля 340 тысяч незарэгістраваных участкаў. Гэта значыць, на кожны раён у сярэднім іх атрымлівалася больш за 6 тысяч!

Эксперты наракалі на тое, што аформіць столькі ўчасткаў за два месяцы будзе фізічна немагчыма. За дзень трэба будзе прымаць больш за 100 чалавек...

Напрыклад, па Брэсце за мінулыя 2 месяцы было зарэгістравана 5 тысяч участкаў. Гэта каля 13% ад агульнай лічбы зарэгістраваных у рэгіёне дачаў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў Намеснік кіраўніка брэсцкай абласной геадэзічнай і землеўладкавальнай службы Пётр Колбас:

"Калі казаць прыблізна, то за два месяцы было зарэгістравана тысяч 5 участкаў, а ўсяго на ўчорашнюю дату ў нас зарэгістравана было 38 тысяч 367 участкаў".

Па словах спадара Колбаса сёння застаецца шмат пустуючых участкаў. У брэсцкай вобласці іх каля шасці тысяч. Таму, хутчэй за ўсё дачныя ўчасткі будуць працягваць афармляць. А тым, хто ўсё ж не зарэгіструе могуць падвысіць падаткі:

"Адзінае што афармляць ужо будзе па поўнай праграме - будзе афармляць і матэрыялы па ўсталяванню межаў з праектам адводу... і падаваць на рэгістрацыю. Будзе рэгістравацца па больш складанай працэдуры. Але магчыма прымуць рашэнне, што той хто не аформіў у час  будзе плаціць падаткі па павышанай стаўцы, ці штосьці яшчэ прыдумаюць да канца году".

На гэтым жыццё не заканчваецца, будзем так гаварыць! - аптымістычна закончыў размову Пётр Колбас. Такім чынам, усё, хутчэй за ўсё, будзе добра. Дачнікі застануцца з дачамі. Але зарэгістраваць участкі будзе цяпер нашмат цяжэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі