Капітан нацыянальнай зборнай па футболе раскрытыкаваў заўзятараў

Капітан зборнай Беларусі па футболе, футбаліст расійскага клуба “Растоў” Цімафей Калачоў падзяліўся з Еўрарадыё сваім меркаваннем аб перфомансах заўзятараў падчас матча Беларусь – Украіна.

Цімафей Калачоў: Я лічу, што паводзіны заўзятараў былі няправільныя. Гэта былі не столькі заўзятары, колькі група людзей… Крычаць палітычныя лозунгі, я лічу, было няправільна. Што тычыцца нашых заўзятараў, то калі вы прыйшлі на футбол, то трэба ж сваю каманду гнаць наперад. Можа быць, у нас у канцоўцы і атрымалася б не прайграць. А выкрыкванні ў адрас Расіі ― гэта сапраўды, я лічу, глупствы і няправільныя паводзіны. Ну і футбол ― гэта не месца, напэўна, для гэтых рэчаў.

Еўрарадыё: А як павінна быць, каб гэта дадавала матывацыі футбалістам?

Цімафей Калачоў: Я нікога не збіраюся навучаць і падказваць. Але калі ў нас няма культуры заўзення, то гэта так ёсць. Ну а што зробіш? Раней на “Дынама” заўзятары пастаянна гналі нас наперад. З’яўляліся дадатковыя сілы. Ну а калі стадыён глядзіць футбол, як у тэатры… Раз на стадыён прыйшлі, трэба заўзець, нейкія эмоцыі выплёскваць, гнаць сваю каманду, перажываць. Так, напэўна, скажу.

Еўрарадыё: Пасля матча фанатаў затрымлівалі. Афіцыйна ― за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане. Паводле версіі украінскіх заўзятараў ― за бел-чырвона-белы сцяг на майках. Сітуацыя такая, што мы маем у Беларусі дзяржаўны сцяг і гістарычны. І існуе тэндэнцыя, што многія заўзятары любяць бел-чырвоныя колеры. Міліцыі гэта не падабаецца. Як лічыце, затрыманні фанатаў наносяць страты футболу ці міліцыя робіць правільна?

Цімафей Калачоў: Паводзіны заўзятараў часам наносяць шкоду ў прыватнасці клубам. Напрыклад, заўзятары ЦСКА нарабілі справаў і зараз клуб з-за гэтага атрымаў страты. Канешне, затрымліваць кагосьці таксама няправільна. Але калі людзі займаюцца не баленнем а выкрыкваюць палітычныя лозунгі… Напэўна, іх таксама затрымліваюць не проста так. Хоць у нас краіна таксама такая, што за ўсялякія правіннасці можна пацярпець. Гэта паказчык таго, што паводзіць сябе трэба асцярожна.

Нагадаем, што 9 кастрычніка на “Барысаў-Арэне” зборная Беларусі парйграла украінцам з лікам 0:2. Беларускія і украінскія заўзятары амаль усю гульню разам спявалі песні і выказвалі сваё стаўленне да прэзідэнта Расійскай Федэрацыі.

Фота: goals.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі