Карэлін: Каб мяне звольніць, у тэатры нават ахвяравалі перапынкам на абед

Некалькі месяцаў таму драматург Андрэй Карэлін апісаў на інтэрнэт-форуме аднаго з беларускіх парталаў свае ўражанні ад сустрэчы з нарадам міліцыі. Праваахоўныя органы палічылі яго выказванні абразлівымі, а суд пакараў штрафам у 7 мільёнаў рублёў. Яшчэ адным наступствам гэтага працэсу стала звальненне драматурга з “Новага драматычнага тэатра”.

Еўрарадыё: Як адбывалася ваша звальненне? Прычыны кіраўніцтва тэатра вам патлумачыла?

Андрэй Карэлін: Патлумачылі, і прычын не верыць у шчырасць дырэктара тэатра ў мяне няма. Але пачну здалёк. Дзесьці напрыканцы мінулага года дырэктар замовіў мне п’есу, якую я мусіў быў здаць гэтымі днямі. 22 жніўня я выйшаў з адпачынку, а 26 жніўня прыйшоў да дырэктара, каб аддаць яму напісаную п’есу. Ён дастаткова ветліва са мной пагаварыў і патлумачыў, што сітуацыя ў мяне цяпер нават горшая за тую, што была некалькі гадоў таму з Паўлам Харланчуком. Расказаў тое, што яму ўжо тэлефанавалі. І нават не з Міністэрства культуры, а з упраўлення ідэалогіі, культуры і працы з моладдзю Мінгарвыканкама. Яны цікавіліся маім кантрактам і паведамілі, што неабходна са мной спыніць працоўныя адносіны. І на маё пытанне: “Што мне зараз рабіць?”, дырэктар шчыра адказаў, што мне лепш не толькі сыходзіць з тэатра, але і з’язджаць з краіны. І дадаў: “Альбо заяву напішыце вы, альбо нам давядзецца пісаць яе разам”. Цягам прыкладна гадзіны я быў звольнены і сабраў свае рэчы з кабінета, дзе адпрацаваў амаль год. Нават матэрыяльныя каштоўнасці, якія на мне лічацца, не перадаваў, як гэта звычайна робіцца. Карацей, а 12-й гадзіне ў панядзелак я напісаў заяву на звальненне, а ўжо ў 13:20 атрымаў на рукі працоўную кніжку. Дзеля мяне нават ахвяравалі перапынкам на абед.

Еўрарадыё: А якая сітуацыя была з вашым кантрактам? Вы маглі на законных падставах адмовіцца пісаць заяву на звальненне?

Андрэй Карэлін: Яшчэ да майго сыходу ў адпачынак, у той час, калі ўжо адбываўся мой пераслед міліцыяй, калі я шчыра распавёў пра гэта свайму дырэктару — што адбываецца, як, які быў каментар, якія будуць суды, аддзел кадраў паведаміў мне, што ў мяне 26 верасня 2013 года заканчваецца кантракт. І я, як усе супрацоўнікі, напісаў заяву на працяг кантракту. У першыя дні ліпеня дырэктар на маёй заяве паставіў рэзалюцыю: “Кантракт працягнуць на два гады”. Відаць, планы перакрэсліла адно тэлефанаванне тых людзей, якія запатрабавалі майго звальнення.

Еўрарадыё: Дырэктар не казаў, чым можа пагражаць тэатру яго адмова вас звольніць?

Андрэй Карэлін: Не. Але мне было дастаткова яго слоў: “Альбо заяву напішыце вы, альбо нам давядзецца пісаць яе разам”. Дырэктару 60 гадоў, гэта нестары чалавек, да якога я добра стаўлюся. Я разумеў, што не хачу падводзіць гэтага чалавека. Магчыма, у яго вялікія планы ў тэатры на будучыню. Таму я і напісаў заяву “па згодзе бакоў”. Тым больш я разумеў, што калі пайшлі такія размовы, то прычына для звальнення заўсёды знойдзецца. Працаваць у арганізацыі, дзе цябе бачыць не хочуць, і нават не кіраўніцтва і супрацоўнікі — з імі ў мяне заўжды былі выдатныя адносіны — а хтосьці вышэйстаячы, гэта пройгрышны варыянт.

Еўрарадыё: Што, на ваш погляд, можа стаяць за парадай не толькі з працы сыходзіць, але і з краіны з’язджаць?

Андрэй Карэлін: Мне падаецца, дырэктар валодаў большай інфармацыяй на гэты конт, і гэта было заўважна, чым ён мог мне сказаць. Канкрэтна было сказана, што ўсё было б добра, калі б “апазіцыя не ўзняла вас на шчыт” і калі б я не звярнуўся да адваката Іры Халіп Ганны Бахціной. Маўляў, калі б гэтага не было, то “сітуацыю можна было б замяць”. Па шчырасці, я не разумею яго выказвання наконт таго, што апазіцыя ўзняла мяне на шчыт. Я не лічу, што маё інтэрв’ю Еўрарадыё, “Белгазеце” і “Камсамольскай праўдзе” пра тое, як гэта было, як адбываўся пераслед мяне міліцыяй і праходзілі суды, гэта паказчык таго, што цяпер я з’яўляюся адным з лідараў апазіцыі. У апазіцыі я ніколі не быў і ні ў адной палітычнай акцыі не ўдзельнічаў. Відаць, ён перадаваў словы кагосьці, і гэтыя словы былі дастаткова канкрэтныя, бо пералічвалася ўсё па пунктах: калі б пра цябе не пісалі, калі б цябе не ўзнялі на шчыт, калі б ты звярнуўся не да Бахціной, а да іншага адваката, то мог бы працаваць.

Што тычыцца магчымага пераследу, то ўдакладняць я не стаў — мне ўсё было дастаткова зразумелым. Паглядзіце на развіццё падзей апошніх трох месяцаў: у чэрвені ўчастковы міліцыянер з ГАМ-2 (гарадскі аддзел міліцыі. — заўв. Еўрарадыё) Вадзім Іванец тэлефанаваў маёй хатняй гаспадыні і казаў, што супраць мяне будзе распачатая крымінальная справа. Уявіце стан гаспадыні: яна не хацела, каб я далей жыў у яе кватэры, і яе можна зразумець. Праўда, справа вырашылася з дапамогай падвышэння платы за кватэру ў паўтара разу. Але мяне спрабавалі пазбавіць жылля. У ліпені пачаўся адміністрацыйны пераслед. Прычым пасяджэнне, якое праходзіла 26 ліпеня, насуперак закону прайшло ў маю адсутнасць, хаця, па словах адваката, без мяне не маглі праводзіць адміністрацыйнае пасяджэнне. У пачатку жніўня супрацоўнік цэнтра інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Яўчар на канале АНТ заявіў, што я, нібыта, выказаўся за тое, каб перастраляць міліцыю. Канец жніўня — патэлефанавалі дырэктару і сказалі, што мяне неабходна звольніць. Ідзе ўдар па ўсіх асноўных пазіцыях у жыцці чалавека: пазбавіць жылля, пазбавіць грошай, прысудзіць максімальна магчымы штраф, пазбавіць працы. Чаго засталося чакаць? Калі дырэктар сказаў, што трэба тэрмінова з’язджаць з краіны, я зразумеў гэта як перадачу інфармацыі ад некага. Відаць, размова ідзе пра маю бяспеку і бяспеку маёй сям’і.

Еўрарадыё: Якія ў вас планы наконт ад’езду? Што будзеце далей рабіць з працай?

Андрэй Карэлін: Пачну з працы. Калі разыгрывалася сітуацыя з Харланчуком, то яму было больш складана: актор не можа працаваць аўтаномна, без тэатра ці здымачнай пляцоўкі. Для таго, каб канчаткова пазбавіць працы пісьменніка, драматурга і сцэнарыста, трэба яго забіць! Толькі тады ён не зможа пісаць. У мяне праца там, дзе ёсць разетка 220 вольт, дзе ёсць інтэрнэт, камп’ютар і дзе я магу пісаць свае творы. І некуды іх прапаноўваць. Зразумелая рэч, што не ў Беларусь.

Што тычыцца ад’езду, дык перш чым гэта здарыцца, мне вельмі хацелася зразумець, чаму я мушу гэта рабіць. У гэтым горадзе я нарадзіўся і жыву, тут нарадзіўся мой бацька. Хацелася б зразумець, хто і чаму ў гэтым ад’ездзе так зацікаўлены.

Еўрарадыё: Можа, той, чый подпіс стаіць пад загадам разабрацца ў справе “Каментарыі ад Карэліна”?

Андрэй Карэлін: Ну, гэта зразумела! І калі справа будзе працягвацца ў тым жа накірунку… Карацей, зараз я разглядаю і варыянты ад’езду з краіны. Прапановы ёсць — пішуць розныя людзі з розных краін, якія прапануюць дапамогу ў плане пераезду. Але пакуль сур’ёзна гэтыя прапановы я не разглядаю. Хаця звальненне стала пэўнай кропкай. Не ведаю, ці будзе працяг і ці будуць спробы пазбавіць мяне жыцця. Калі што, то хачу папярэдзіць: апошнія падзеі выпрацавалі ў мяне выдатную эмацыйную ўстойлівасць, стрэсаўстойлівасць. Вешацца я не збіраюся, кідацца пад цягнік — таксама, патроны з сабой не нашу, зброю дома не захоўваю.

Еўрарадыё: Як сцэнарыст вы маглі б прыдумаць такі сюжэт, які давялося самому перажыць?

Андрэй Карэлін: Гэта класічная сітуацыя для трылера, для добрага амерыканскага кіно. Дзе адзін бок вельмі моцны, узброены, мае сродкі, уладу, рычагі ўздзеяння, а з другога — просты чалавек, які спрабуе выжыць, разам са сваёй сям’ёй. Такіх фільмаў шмат і я магу сказаць, што гэта — добрыя фільмы. І той досвед, якія я цяпер перажываю, — гэта дастатковы досвед, каб такі сцэнар быў напісаны і мной.

Еўрарадыё: У вас ёсць перспектывы ў Галівудзе!

Андрэй Карэлін: Перспектывы ёсць — кватэры няма! І пакуль запрашэння з Галівуду няма. Да апошняга часу працаваў у Мінску, а зараз мне далі зразумець, што ўвесь свет адкрыты! Засталося прыняць рашэнне.

Фота: З архіва Андрэя Карэліна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі