Карл III прэтэндуе на званне самага эмпатычнага лідара, і вось чаму — #ІхНоравы
#ІхНоравы
Мы разумеем, што навіны пра войны знясільваюць — але выйсця няма, войны не заканчваюцца. Найлепшае, што мы можам зрабіць — коратка пераказаць вам важнае, а потым парадаваць некалькімі добрымі навінамі. Як робім кожны дзень у нашых аглядах.
Усіх на ўсіх
ХАМАС гатовы адпусціць ізраільскіх закладнікаў, калі з ізраільскіх турмаў выйдуць усе палестынцы. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу NBC News заявіў старшы чалец палітбюро ХАМАС Газі Хамад.
Паводле звестак Ізраіля, ХАМАС з 7 кастрычніка ўтрымлівае ў закладніках 242 чалавекі — сярод іх 20 дзяцей, а яшчэ людзі, старэйшыя за 60 гадоў. Хавае людзей "у бяспечных месцах і тунэлях". Чатырох закладнікаў вызвалілі самі чальцы групоўкі, яшчэ аднаго — ізраільскія войскі. Ізраіль, паводле звестак ААН, утрымлівае ў турмах каля 5 тысяч палестынцаў, у тым ліку 160 дзяцей.
Прэсу на гэтую сустрэчу не пусцілі, але дачка аднаго з пакараных Брытаніяй змагароў за Кенію расказала ВВС яе падрабязнасці. Дэдан Кімаці тады ўзначаліў супраціў — і быў пакараны смерцю. Яго дачка папрасіла караля дапамагчы знайсці цела бацькі.
Карл не можа прымаць рашэнні — гэта прэрагатыва ўрада. Але ён умее слухаць — і можа зрабіць так, каб у Брытаніі пачулі Эвелін. Ён можа падняць гэтую тэму, зрабіць так, каб на яе звярнулі ўвагу — і гэта будзе першым крокам.
"Можа, ён і не палітычная фігура, але сімвалічная. "Кароль, які слухае", магчыма, робіць брытанскі брэнд больш чуллівым", — піша CNN.
Праблемы швейцарскіх людзей
У швейцарцаў таксама ёсць праблемы: на шыях швейцарскіх кароў занадта гучна звіняць званочкі. Не, мы не абясцэньваем іх пакуты!
Канфлікт выбухнуў у чароўнай швейцарскай вёсцы Аарванген з насельніцтвам 4700 чалавек. Вёска знаходзіцца ўсяго за гадзіну язды ад Берна, Цюрыха і Базеля, і тамтэйшыя офісныя работнікі часам выбіраюць яе для жыцця, калі вельмі ўжо хочацца збегчы з горада.
Але ў гэтай традыцыйнай вёсцы жывуць не толькі людзі, але і мноства кароў — і ва ўсіх званочкі на шыі. Для некаторых новых "прыезджых" жыхароў Аарвангена звон стаў занадта раздражняльным. Некалькі сем'яў папрасілі мясцовыя ўлады абавязаць фермераў здымаць з кароў гэтыя званочкі хаця б на ноч.
Але фермеры лічаць, што гэта замах на традыцыйную культуру. Адзін з фермераў, на чыю карову паскардзіліся, расцаніў сітуацыю як асабістую абразу — і яго самога, і яго кароў. Карацей, запусцілі петыцыю. Падпісанты запатрабавалі захаваць званочкі!
А калі кагосьці звон турбуе — можа, яму наогул не варта жыць у сельскай мясцовасці? Усяго за некалькі дзён пад петыцыяй сабралі больш за тысячу подпісаў. Мясцовым уладам перадалі падпісаную петыцыю і падарылі традыцыйныя фермерскія каўбасы.
Абшчына яшчэ прагаласуе па петыцыі ў абарону званочкаў. Але гэта будзе, хутчэй, фармальнасць: тыя, хто скардзіўся, пад уражаннем ад буры ўжо з'ехалі з вёскі.
Новая песня “Бітлз”
Няма нічога немагчымага: вось "Бітлз" выпусцілі новую песню з вакалам Джона Ленана. Першыя акорды да яе Ленан напісаў яшчэ ў канцы 70-х. І застаўся дэмазапіс, як Ленан напявае яе, падыгрываючы сабе на раялі. З дапамогай новых тэхналогій голас Ленана аддзялілі ад гукаў раяля і шумоў і давялі ўвесь запіс да розуму — ідзіце і паслухайце проста зараз.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.