Карова дапамагла раскрыць серыю крадзяжоў

Як паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама, у апошні час у раёне было зарэгістравана некалькі выпадкаў выкрадання хатніх жывёл. Напрыклад, у першыя дні верасня ў вёсцы Волпа ў мясцовага жыхара проста з пашы знік конь. Гаспадар абышоў усе наваколлі і знайшоў толькі рэшткі жывёлы, піша “Вечерний Гродно”.



Супрацоўнікі крымінальнага вышуку неўзабаве знайшлі выкрадальнікаў каня. У злачынстве падазраюцца жыхары вёскі Дубаўцы і жыхар Скідаля. Па месцы жыхарства аднаго з іх былі выяўленыя доказы, якія паказваюць на дачыненне да крадзяжу. Падазраваныя прызналіся, што мяса выкрадзенага каня яны ўжо паспелі прадаць скупшчыкам.



Аказалася, што напярэдадні яны спрабавалі скрасці карову на адной з мясцовых ферм. Але буронка аказала актыўны супраціў. Аднаго са зламыснікаў яна пранесла на рагах каля 70 метраў, іншым пакінула некалькі сінякоў на памяць.



Падазраваныя прызналіся ў здзяйсненні яшчэ некалькіх аналагічных крадзяжоў: у канцы жніўня яны скралі каня ў гэтай жа вёсцы, а на ферме ў вёсцы Плябанаўцы — карову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі