"Кемпінскі": Мы не будуем гатэль у Мінску

— Мужыкі, а што вы тут будуеце?
— Гасцініцу будуем.
— Хутка скончыце?
— Чорт ведае. Мы унутранай аддзелкай займаемся. Нібы да зімы яшчэ праца тут будзе. А як у іншых — не скажам.

Двое будаўнікоў, якіх сустракаю з пакетамі малака ў руках недалёка ад цырка, не вельмі гаваркія. Ці то расказваць пра свой аб’ект не хочуць, ці то самі няшмат ведаюць. І другі варыянт цалкам рэальны.

На пашпарце аб'екта напісана, што будуецца тут шматфункцыянальны комплекс і гатэль "Кемпінскі". Праўда ў прэсс-службе "Кемпінскі" у Маскве Еўрарадыё кажуць, што ніякіх дамоваў у Беларусі не маюць. На сайце ў планах таксама няма гатэля гэтай сеткі ў Мінску.

"Мы ў гэтым праекце больш не удзельнічаем, як кампанія "Кемпінскі". На дадзены момант у Беларусі ў нас няма ніводнай падпісанай дамовы".

Раней былі такія планы, але падпісанай дамовы няма, ці будзе ў прэс-службе не ведаюць.

Вось, што кажа некалькі гадоў таму Рэто Вітвер, галоўны ўпраўляючы групай гатэляў "Кемпінскі".

"Мінск для нас з'яўляецца праектам найвышэйшай важнасці. Мы прысутнічаем у Расіі, вельмі добра ў Еўропе. Але Мінск дагэтуль адсутнічаў у нашай стратэгіі. Тут мы маем магчымасць працаваць у гістарычным цэнтры і гэта найбольш каштоўна для нас".

Кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька таксама акцэнтаваў увагу, што будуецца менавіта "Кемпінскі".

"Для нас гэты праект з пункту гледжання нарошчвання паслуг неацэнны. Гатэль "Кемпінскі" знаходзіцца ў 140 краінах свету. Знаходзіцеся вы ў Кейптаўне, а ў даведніку, які ляжыць у вас у нумары, будзе гасцініца "Кемпінскі" ў Мінску. Для нас гэта прынцыпова важна, і мы адчыняем сёння сябе...", — казаў ён.

Пра адкрыццё гатэля "Кемпінскі", заяўлялі ў красавіку 2014 года да чэмпіянату па хакеі ў Мінску. Указ прэзідэнта нават прапісвае канкрэтную дату — "ўвод у эксплуатацыю пускавога комплексу, які ўключае гасцініцу, да 1 мая 2014 года".

У тэксце ўказа таксама гаворыцца, што будуецца менавіта гатэль "Кемпінскі". І будуецца да чэмпіяната свету па хакеі. З гэтай нагоды указ дае шмат ільготаў для будаўніцтва. Тавары, якія ўвозяцца з-за мяжы, вызваленыя ад мытных пошлін і ПДВ. Замоўца будаўніцтва вызваляецца ад пакрыцця выдаткаў на знос будынкаў, адлічэнняў у фон прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, зямля даецца ў арэнду без аўкцыёна. Таксама указ рэкамендуе Мінгарвыканкаму вызваліць замоўцу ад мэтавых збораў у гарадскі бюджэт.

Праўда, нават з такімі шыкоўнымі льготамі будынак не паспелі пабудаваць да чэмпіянату. І дагэтуль будоўля за высокім плотам, на абодвух уездах шлагбаумы і будкі з кантралёрамі, праз шчыліны ў плоце можна разгледзець, што да здачы будынка яшчэ далёка.

У дадатак стала вядома, што сама сетка "Кемпінскі" ніякага дачынення да будоўлі не мае. Мала што там на плоце напісана.

СТАА "Эліт Эстэйт" была створаная ў лютым 2012 года. Заснавальнікамі таварыства сталі група кампаній "Трайпл", якая належыць Юрыю Чыжу, і ТАА "Сіці Эстэйт" з Масквы. За два гады існавання сайт кампаніі так і не запрацаваў у поўным рэжыме. Адзіным вядомым праектам "Эліт Эстэйт" застаецца будаўніцтва гатэля "Кемпінскі" у цэнтры Мінска.

Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.05.2010 № 243

Вызваліць заказчыка ад:

— Пакрыцця страт, якія прычыняюцца землекарыстальнікам адабраннем зямельнага ўчастка і зносам размешчаных на ім аб'ектаў нерухомасці ў сувязі з будаўніцтвам комплексу, а таксама іншых расходаў, звязаных з адабраннем і (або) прадастаўленнем зямельнага ўчастка

— Абавязка ажыццяўляць адлічэнні ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва;

— Абавязацельстваў па стварэнні і прадастаўленню сацыяльнага і (або) службовага жылля катэгорыям грамадзян, вызначаным заканадаўствам;

Вызваліць удзельнікаў інвестыцыйнага праекта:

— Ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства спецыяльных дазволаў на права займацца працоўнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь.

— Названых замежных грамадзян і асоб без грамадзянства — ад выплаты дзяржаўнай пошліны за выдачу дазволу на часовае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь.

Рэкамендаваць Мінскаму гарадскому Савету дэпутатаў і Мінскаму гарвыканкаму вызваліць заказчыка ад выплаты мэтавых збораў у бюджэт Мінска.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі