Хто ў Беларусі зарабляе больш за 10000 рублёў?

Хто мае высокі даход?

Хто мае высокі даход? / @rubanau_collage

Паводле Белстата, у Беларусі больш за 10 тысяч чалавек маюць заробак звыш 10 тысяч рублёў. За апошнія пяць гадоў колькасць такіх работнікаў павялічылася амаль у тры разы.

Калі ў 2019 годзе іх было 3123, то ў 2020 — 6718, у 2021 — 8931, у 2022 — 8073, а ў лістападзе 2023 — 10716 чалавек.

Еўрарадыё паглядзела афіцыйныя звесткі за апошнія 5 гадоў і высветліла, як змянілася колькасць высокааплатных работнікаў.

Айцішнікі наперадзе (ніхто не здзівіўся)

З усіх спецыялістаў, якія маюць даход больш за 10 тысяч рублёў, айцішнікі складаюць большасць — у 2019-м на іх прыпадаў 61%. Тады настолькі высокі заробак мелі 1927 чалавек, амаль 3% ад агульнай колькасці работнікаў сферы.

У 2020 годзе колькасць высокааплатных спецыялістаў у сектары вырасла да 5411 чалавек. Рост працягнуўся і ў 2021-м — 7123 чалавекі ў сектары перасягнулі адзнаку ў 10 тысяч рублёў.

На фоне поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну і адтоку вялікай колькасці топ-кадраў за мяжу колькасць айцішнікаў з такім заробкам скарацілася да 5513 чалавек, але летась паказчык амаль вярнуўся на даваенны ўзровень.

Паводле апошніх звестак, 7069 чалавек, або 12% ад усіх IT-спецыялістаў у Беларусі, зарабляе больш за 10 тысяч рублёў, што складае 70% ад усіх работнікаў, якія маюць такі заробак.

Колькі багатых чыноўнікаў?

З амаль 61 тысячы чыноўнікаў у 2023 годзе вельмі высокі заробак маюць 14 чалавек, у 2019 годзе з такім жа даходам было толькі два чалавекі з 65 тысяч.

У дзяржкіраванні толькі 0,022% мае такі высокі заробак. Хто — невядома, але можна меркаваць, што гэта ўмоўны старшыня гарвыканкама ці міністр.

Еўрарадыё ўжо пісала пра тое, што за апошнія пяць гадоў заробкі ў дзяржкіраванні прыбавілі 82% — адзін з самых высокіх паказчыкаў росту ў Беларусі.

А што ў настаўнікаў?

У педагогаў справы ідуць не так добра. Тут работнікі з вялізнымі заробкамі налічваюцца не тысячамі, а адзінкамі. У 2019 годзе вельмі высокі заробак мелі толькі шэсць чалавек з 385 тысяч ці 0,0015% ад усіх супрацоўнікаў сферы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі