Кіраўнік ФК БАТЭ: учынак Драгуна для ўсіх быў шокам
Кіраўнік ФК БАТЭ Андрэй Капскі ў інтэрв'ю клубнай прэс-службе пракаментаваў усе скандальныя гісторыі, якія здарыліся ў камандзе апошнім часам. Гэта і няўдачы ў чэмпіянаце краіны, у якім барысаўчане ўпусцілі лідарства, і пройгрыш ужо на старце адбору Лігі канферэнцый, і сітуацыю з Шахбозам Умаравым, якога аддалі ў арэнду ў клуб з Казахстана.
Капскі прызнае, што былі "негатыўныя сітуацыі", адна з якіх — сыход Умарава з поля ў спарынгу перад пачаткам чэмпіянату. Пасля таго ён у аснове каманды больш не з'яўляўся, а СМІ пісалі пра яго канфлікт з галоўным трэнерам Аляксандрам Міхайлавым. Кіраўнік БАТЭ кажа, што "не праходзячы ў аснову, Умараў адмаўляўся гуляць за рэзервовы склад". Праблему ён бачыць не толькі ў футбалісце, у "яго прадстаўніках", але і ў кіраўніцтве клуба. "Можа, варта было б выбраць іншую меру пакарання, — кажа Андрэй Капскі. — Хай нават больш жорсткую, але, магчыма, яна была б больш дзейснай".
Пракаментаваў Капскі і нядаўняе рашэнне Станіслава Драгуна скласці з сябе капітанскія паўнамоцтвы. "Для ўсіх гэта было шокам, — прызнаецца ён. — Што тычыцца мяне, то асабіста я знерваваўся. Хоць і мяркую, што знутры Драгун такім чынам спрабаваў страсянуць каманду. Але не спрацавала".
Што да галоўнага трэнера, то калі ў бліжэйшых гульнях БАТЭ не забяспечыць патрэбнага выніку, "будуць прымацца сур'ёзныя крокі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.