Кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі: Лукашэнка не можа схаваць прыгнёту ўласнага народа
Лондан пракаментаваў высылку з Беларусі двух брытанскіх дыпламатаў. Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дамінік Рааб у Twitter назваў гэты крок афіцыйнага Мінска "неабгрунтаваным". "Лукашэнка не можа схаваць прыгнёту ўласнага народа, — піша ён. — Адзіны шлях наперад — гэта свабодныя і справядлівыя выбары". А таксама прыцягненне да адказнасці тых, хто ўжывае гвалт у дачыненні мірных дэманстрантаў, падкрэслівае брытанскі міністр (а на сённяшні дзень ніхто з беларускіх сілавікоў да адказнасці не прыцягнуты, судзяць толькі пратэстоўцаў).
Ваеннага аташэ Цімаці Уайт-Бойката і намесніка амбасадара Лісу Тамвуд абвясцілі персонамі нон-грата за тое, што яны нібыта "збіралі інфармацыю пра ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі і пра ход пратэстаў".
Вялікабрытанія заявіла пра непрызнанне вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі яшчэ ў жніўні.
The expulsion of 2 UK diplomats from Belarus for legitimately observing protests is wholly unjustified. Lukashenko can't hide the oppression of his own people. The only way forward is free & fair elections & accountability for those responsible for violence against demonstrators
— Dominic Raab (@DominicRaab) November 9, 2020
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.