Кіраўнікі Навагрудчыны ў царкве падзякавалі Богу за небывалы ўраджай (фота)
Святару яны паднеслі каравай з пшаніцы новага ўраджаю.
Сёлета гаспадаркі Навагрудчыны сабралі небывалы для гэтай мясцовасці ўраджай — больш за 100 тысяч тон.
Як інфармуе сайт Беларускай праваслаўнай царквы, 21 жніўня старшыня райвыканкама Анатоль Маркевіч і кіраўнікі сельгасвытворчых кааператываў прыйшлі ў кафедральны Нікольскі сабор Навагрудка падзякаваць Богу за такі ўраджай.
Удзячны малебен адслужыў настаяцель протаіерэй Анатоль Герасімук. Пасля набажэнства кіраўнік райвыканкама падзякаваў за працу ўсім, хто маліўся. Таксама чыноўнік заявіў, што такая супольная малітва павінна стаць добрай традыцыяй.
Асобна кіраўнік раёна падзякаваў святару і падараваў настаяцелю храма каравай, выпечаны з пшаніцы новага ўраджаю.
Фота: church.by