“Крамбамбуля” прэзентавала альбом “Чырвоны штраль” і кліп на новую песню
Гурт “Крамбамбуля” прэзентаваў развітальны альбом “Чырвоны штраль”. Дыск выкладзены для спампоўкі на мультылэйбле “Пяршак”. Як і абяцалі раней, з гэтага моманту Лявон Вольскі і кампанія поўным складам сыходзіць у лясы і пачынае партызанскую дзейнасць.
“Вось і здзейснілася. Мы ў лясах. У гушчарах, сатканых імглою. Сярод бярозаў ды соснаў. Бо ўжо ніяк не атрымліваецца трываць усіх гэтых прэдсядацеляў, міліцыянтаў, капітанаў Ягоравых і іншых савецкіх нячысцікаў, якія, нібы тараканы, распаўзліся па нашай зямлі, жаруць наш хлеб, п’юць нашае малако і хочуць, каб мы былі іхнімі служкамі. Дык вось, не атрымаецца! Мы ведаем нашыя пушчы, бары і лясы. Адсюль мы дастанем кожнага акупанта. І кожны атрымае тое, чаго заслугоўвае. І нашая перамога непазбежная, бо з намі старадаўні покліч “Гэй, ліцвіны, Бог нам радзіць!”, бо не мы ўварваліся ў іхнія хаты, а яны ў нашыя. Мы не хацелі гвалту. Яны яго хочуць. Каб мы калі каму чаго, дык мы ніколі нічога ніякага. А калі што якое?.. Ды што там якое!” — напісана ў прыальбомным маніфесце музыкаў.
“Чырвоны штраль” атрымаў назву ў гонар віленскай кавярні пачатку XX стагоддзя, дзе сустракаліся дзеячы беларускага адраджэння. Адначасова з альбомам выйшла відэа на песню “Каб мы калі каму чаго”, у якой галоўныя вакальныя партыі выконваюць амаль усе ўдзельнікі “Крамбамбулі”. Атмасферны ролік зняў рэжысёр і даўні сябра гурта Мацвей Сабураў.
“Я хацеў паказаць лірычных герояў гэтага альбома — людзей, якія гатовыя бараніць свой родны край па-за межамі дакладнага гістарычнага часу і сітуацыі. У кожнага свая асабістая гісторыя, свая барацьба”, — каментуе рэжысёр.
Канцэртная прэзентацыя альбома “Чырвоны штраль” адбудзецца ў Вільні 7 лістапада. Яна будзе складацца з дзвюх частак: непасрэдна новага апошняга альбому і найлепшых песень ад пачатку існавання праекта. Арганізатарамі мерапрыемства прадугледжаная візавая падтрымка для ўсіх уладальнікаў квіткоў на канцэрт.