Куды дзьмуць вятры з Астравецкай пляцоўкі?

У выпадку здарэння на будучай беларускай АЭС існуе вялікая верагоднасць, што заходнія вятры панясуць радыяцыю на Мінск У сувязі з чарговай гадавінай чарнобыльскай трагедыі тэма радыёактыўнага забруджвання беларускай зямлі зноў сталася вельмі актуальнай. Еўрарадыё паспрабавала высветліць, якія рэгіёны нашай краіны пацярпелі б найбольш, калі б нешта (не дай Бог!) здарылася на Астравецкай АЭС.

Істотным кліматычным паказчыкам у гэтай справе з’яўляецца вецер. Ад яго напрамку і хуткасці залежыць, куды і як магла б распаўсюджвацца радыяцыя. Ад загадчыцы аддзела клімата Гідраметэацэнтра Алены Камароўскай мы даведаліся, што вятры ў раёне Астравецкай пляцоўкі дзьмуць на ўсю рэспубліку.

Алена Камароўская: “Там сапраўды пераважаюць ветры заходняй чвэрці далягляду”.

Хуткасць жа гэтых вятроў невялікая — 3-4 метры за секунду, прыкладна столькі ж, як каля Чарнобыльскай АЭС.

Важнай таксама з’яўляецца верагоднасць вятроў, то бок колькі дзён на год яны дзьмуць менавіта ў гэтым напрамку. Для заходніх вятроў з Астравецкай пляцоўкі яна даволі вялікая — 40%. У раёне чарнобыльскай аварыі таксама найбольш часта дзьмуць заходнія вятры, аднак падчас катастрофы іх напрамак нечакана змяніўся. Прадугледзець гэтага не можа ніхто, кажа Алена Камароўская.

Алена Камароўская:
“Калі выбухнула Чарнобыльская АЭС, дзьмулі тыя вятры, верагоднасць якіх найменшая. Вятры могуць дзьмуць куды заўгодна, у найбольш непрадказальным напрамку”.

Менавіта таму прадказаць, куды яны разняслі б радыяцыю ў выпадку выбуху, вельмі цяжка. Дырэктар дэпартамента па гідраметэаралогіі Міністэрства прыродных рэсурсаў Марыя Герменчук з гэтым пагаджаецца:

“Усё залежыць ад рэальный сітуацыі, ёсць спецыяльныя навуковыя прапрацоўкі. А так адразу ніхто вам не скажа, якія рэгіёны пацерпяць найбольш”.

Навуковец Іван Нікітчанка, адзін са стваральнікаў “Цэнтра чарнобыльскіх ініцыятыў” лічыць, што ўся тэрыторыя нашай краіны і так забруджаная. Аднак калі б нешта здарылася на Астравецкай АЭС, то ўзровень радыяцыі павялічыўся б па ўсёй краіне.

Іван Нікітчанка: “Калі вецер будзе дзьмуць з Балтыкі на Беларусь, то дадасць радыяцыі да таго, што ёсць, а калі наадварот — закідае Швецыю, Нарвегію”.

Навуковец распавёў нам пра вынікі даследаванняў, праведзеных у 24 раёнах па ўсёй Беларусі. Ні ў адным з іх усе жыхары не былі цалкам “чыстымі” ад радыяцыі.

Аднак па словах Марыі Гермянчук, верагоднасць, што нешта здарыцца на будучай Астравецкай АЭС вельмі малая. Па-першае, сучасны тэхнічны узровень значны вышэйшы чым 20 гадоў таму. А па-другое, Беларусь вельмі адказна падыходзіць да ўсіх патрабаванняў МАГАТЭ адносна глебаў, ружы вятроў і г.д. Па словах Алены Камароўскай, Астравецкая пляцоўка адпавядае ўсім гэтым патрабаванням.

Фота — gdebiblioteka.by.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі