Куды ўцякаць. Пераязджаем ва Украіну: што трэба ведаць на першы час

Куды ўцякаць? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Куды ўцякаць? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларусы працягваюць пакідаць краіну, ратуючыся ад пераследу і рэпрэсій. Палітычнаму крызісу не відаць канца, для многіх гэта падстава перачакаць яго ў больш спакойным месцы.

Мы працягваем наш цыкл "Куды ўцякаць", у якім даём першую інфармацыю для тых, хто хоча выехаць з Беларусі. Раней мы пісалі пра Грузію, а цяпер расказваем пра асаблівасці Украіны.

Як уехаць у краіну, знайсці жыллё, працу, а таксама шмат чаго іншага, што дапаможа пачаць новы этап у вашым жыцці.

 

Выезд з Беларусі і ўезд ва Украіну

Шмат карыснай інфармацыі вы можаце атрымаць, звярнуўшыся да гэтага бота. Першая складанасць, з якой сутыкнецца беларус, — выезд з Беларусі (ну вы самі ўсё разумееце).

Выезд з Беларусі

Ва Украіну можна трапіць на самалёце праз трэція краіны, такія як Грузія ці Турцыя. Па зямлі вам спатрэбяцца падставы, каб выехаць з Беларусі: вучоба, праца, медыцына ці пахаванне.

У медыцыну ўваходзіць аздараўленне, таму як падстава сыдзе паездка на адпачынак у санаторый. Для гэтага вам спатрэбіцца на мяжы паказаць пацвярджэнне ад санаторыя, што вы сапраўды ў яго едзеце (напрыклад, пуцёўка або бронь).

Калі вас не прыцягнуў ніякі з гэтых варыянтаў, то застаецца апошні (доўгі і нудны) — на аўтобусе праз Расію.

Уезд ва Украіну

Правілы ўезду пастаянна змяняюцца, да таго ж яны розныя для людзей, якія прыехалі з боку Расіі і з боку Беларусі. Таму раім звярнуцца да афіцыйнага сайта.

Пры сабе на ўездзе абавязкова мець страхоўку, а таксама ўсе кавід-дакументы. Яшчэ рэкамендавана мець запрашэнне: куды і навошта едзеце, хто бок, які прымае, дзе будзеце спыняцца, матэрыяльнае забеспячэнне.
 

Жыллё

Вось выдатны гайд па мікрараёнах Кіева. У ім ёсць і апісанне раёнаў, і цэны за арэнду.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время
Адна з самых папулярных мясцін для жыцця і баўлення часу экспатаў — Падол / Улад Рубанаў

Ва Украіне добра развіты сэрвіс арэнды жылля airbnb, на якім зручна шукаць варыянты, дзе спыніцца на пару дзён.

Для пошуку жылля пад арэнду без пасярэднікаў можна скарыстацца суполкай у ФБ "Риелторы - Зло". Знайсці кватэру праз рыэлтара або ва ўласніка можна на агрэгатары аб'яў olx (аналаг нашага Kufar). А вось гэты бот у тэлеграме дазваляе выбраць раён, вуліцу, параметры кватэры і жаданую цану — і дасылае кожны дзень аб'явы па выбраных параметрах.

Падрыхтуйцеся да галодных гульняў. У Кіеве попыт на арэнду перавышае прапанову, таму гэта заўсёды спаборніцтвы, хто раней адрэагуе. Калі ў вас ёсць жывёла або планы яе завесці, то ўсё ўскладняецца яшчэ ў некалькі разоў: вельмі цяжка знайсці гаспадара, які на гэта пагодзіцца.

Паўло Калюк, кансультант па пытаннях нерухомасці, раіць ніколі не даваць грошы наперад, акрамя выпадкаў, калі вы ўжо цалкам праверылі кватэру. Абавязкова правярайце аб'ект на прадмет падману.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время

Калі ў вас ёсць электронны лічбавы подпіс, варта зрабіць выпіску з рэестра: хто і на якіх падставах ёсць уласнікам, што кватэра не пад арыштам і не закладзена ў банку. Карацей, варта загадзя даведацца, што да вас на першы ж дзень арэнды не заваліцца якая-небудзь служба і не скажа, што гэта іх кватэра і вы не маеце права тут знаходзіцца.

Паўло Калюк, кансультант па пытаннях нерухомасці

Патрабуйце дакументы на кватэру і пашпартныя звесткі гаспадароў.

Калі вам спадабалася кватэра, варта пастукацца да суседзяў, каб пазнаёміцца, а заадно пераканацца, што ў кватэры няма цёмнай гісторыі. Ад іх вы зможаце даведацца, хто можа быць уласнікам, што ў кватэры няма хранічных праблем (тыпу шуму), хто суседзі па пад'ездзе (ці жывуць тут нейкія неадэкватныя персанажы, якія дастаўляюць дыскамфорт), ці ёсць багі з рамонтам (напрыклад, тонкія перагародкі ў новабудоўлях).

Пагугліце нумары рыэлтара і гаспадара. Калі гэта рыэлтар, то яго нумар павінен быць засвечаны ў розных аб'явах. Жыллё заўсёды лепш глядзець пры сонечным святле.

Прайдзіцеся дарогай ад дома да грамадскага транспарту, каб паглядзець, як будзе выглядаць ваш штодзённы маршрут.

Пасля Майдана Кіеў стаў асабліва папулярны сярод экспатаў. Ён рэгулярна трапляе ў гайды замежных медыя. Раён Залатых Варот сёлета ўвайшоў у топ-20 раёнаў свету ў рэйтынгу Time Out. Самыя папулярныя мясціны для жыцця і баўлення часу экспатаў — Падол (станцыя метро "Кантрактавая плошча") і Верхні Горад (станцыя метро "Залатыя Вароты").

 

Псіхалагічная і гуманітарная дапамога

Вы можаце звярнуцца ў Free Belarus Center па бясплатную псіхалагічную і гуманітарную дапамогу (у тым ліку пакрыццё некаторых медыцынскіх паслуг, у прыватных выпадках дапамога з адзеннем, купляй прадуктаў і г. д.).
 

Праца

Ці можа замежнік працаваць без віду на жыхарства?

Не, для працаўладкавання ён патрэбны. Выключэнне складаюць айцішнікі: ім трэба звяртацца ў Міністэрства лічбавай трансфармацыі Украіны. Там для іх існуе асобная праграма.

Для чаго патрэбны ІПН і як яго аформіць?

Індывідуальны падатковы нумар можа шмат дзе спатрэбіцца: ад некаторых паслуг натарыуса і вакцынацыі да афармлення банкаўскай карткі. Яго можна аформіць у кожным аддзяленні падатковай. Для гэтага вам спатрэбіцца натарыяльны пераклад пашпарта, кошт якога прыкладна 300 грыўняў (крыху больш за 11 долараў). Робіцца ІПН на працягу 1-3 дзён, але ў некаторых выпадках афармленне можа зацягнуцца да тыдня. Усе дэталі тут.

Для чаго патрэбны ФАП (ФОП) і як яго аформіць?

ФАП (ФОП) — гэта тое самае, што і наш ІП. Для працаўладкавання трэба атрымаць дазвол на працу, які даюць у цэнтры занятасці пры ўмове, што вы зарабляеце больш за 10 мінімальных заработных плат (прыблізна 67 000 грыўняў або каля 2500 долараў). З ФАП можна нармальна працаваць.

Вось тут ёсць інструкцыя, як яго завесці (але для гэтага патрэбны ВНЖ). Без ВНЖ таксама можна, але складана: у Free Belarus Center ёсць інструкцыя ад Мінфіна на васьмі старонках, як гэта можна арганізаваць, так што, калі будзе жаданне, — звяртайцеся да іх.

Дзе адкрыць рахунак?

Амаль усе банкі адкрываюць рахунак толькі рэзідэнтам (грамадзяне і людзі з пастаянным відам на жыхарства). Але іншаземец можа адкрыць рахунак на розныя валюты, напрыклад, у банку ПУМБ. Для гэтага вам спатрэбіцца або ІПН, або дамова аб арэндзе кватэры, або пацвярджэнне з хостэла, што вы там жывяце. Важна адзначыць, што ў кожным разе вам не змогуць рабіць пераводы ўнутры Украіны (магчыма, але вельмі складана і з кучай папяровай цяганіны). Напрыклад, рэзідэнт або нерэзідэнт не змогуць вам перавесці грошы з украінскіх банкаў. Пры гэтым з-за мяжы пераводы вам могуць рабіць (па сістэме SWIFT). Вы ж можаце рабіць пераводы рэзідэнтам.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время
ПУМБ, Кіеў / Улад Рубанаў

Пытанне з грашовым пераводам вам унутры Украіны можна вырашыць адкрыццём ФАП.
 

Крымінал

Нягледзячы на тое што ў краіне ўжо сем гадоў доўжыцца вайна, сітуацыя па-за прыфрантавымі тэрыторыямі (раёнамі Луганскай і Данецкай абласцей) бяспечная.

Замежнікам варта асцерагацца сітуацый, у якіх дзяржаўныя органы могуць папрасіць хабар. З гэтым можна сутыкнуцца ўсюды: ад перасячэння мяжы да сустрэчы з паліцыяй на вуліцы. Вось сюды можна звярнуцца па бясплатную прававую дапамогу.

Паліцыю рэфармавалі, але гэты працэс не скончыўся і поспехам не ўвянчаўся. Узнікаюць сітуацыі, калі яна перавышае свае паўнамоцтвы. Калі ходзіце ўвечары ў тусовачных раёнах, такіх як Падол у Кіеве, вас могуць спыніць і абшукаць (аўтара гэтага тэксту так спынялі).

Вось тут ёсць памятка на выпадак, калі вас затрымлівае паліцыя (памятайце, што вы не ў Беларусі і тут закон худа-бедна працуе). На гэтай карце ёсць статыстыка крымінагеннасці па раёнах, а тут названы самыя крымінальныя раёны па інфармацыі на пачатак 2021 года.

  

Медыцына

Самае важнае: ніколі не забывайце падаўжаць страхоўку, таму што трапіць у непрыемную сітуацыю з пераломам нагі і яе лячэннем коштам усіх грошай свету — вельмі лёгка. Першая дапамога тут аказваецца заўсёды. Калі вы захварэлі, вас могуць прыняць у паліклініцы або аказаць хуткую дапамогу, аднак гэта датычыцца хутчэй экстранных выпадкаў.

Цяпер у Кіеве дзейнічае лакдаўн: уваход у транспарт, кавярні, бары, рэстараны і іншыя публічныя месцы магчымы толькі альбо па сертыфікаце аб вакцынацыі, альбо па ПЛР або антыген-тэсце, зробленым на працягу 72 гадзін. У аптэкі, прадуктовыя крамы, клінікі і пункты вакцынацыі доступ свабодны. А вось карта медыцынскіх цэнтраў у Кіеве.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время
У Кіеве каранцін / Улад Рубанаў, Еўрарадыё

Вакцынавацца ва Украіне можа кожны ахвотны, у тым ліку замежнікі і асобы без грамадзянства, якія знаходзяцца тут на законных падставах. Вось тут інструкцыя па вакцынацыі для людзей з часовым відам на жыхарства і без яго. 
 

Адукацыя

Ва Украіне адна афіцыйная мова — украінская. Ёсць яшчэ пэўная колькасць устаноў сярэдняй адукацыі, якія вядуць выкладанне на рускай, нягледзячы на наяўныя абмежаванні, але іх колькасць скарачаецца.

Украінская мова не павінна быць вельмі складанай для дзяцей, бо яна падобная да беларускай. Калі ўсё ж застаецца жаданне працягнуць навучанне на рускай і пры гэтым не страціць беларускія прадметы, то можна звярнуцца ў Першую беларускую анлайн-школу, якая ўжо год працуе для дзяцей беларускіх рэлакантаў.

У ёй з 4-га да 10-га класа, акрамя аднолькавых для Беларусі і Украіны прадметаў, выкладаюць беларускую літаратуру, гісторыю і мову. А паколькі яна працуе на базе ўкраінскай школы, то пасля яе заканчэння школьнік атрымлівае дыплом дзяржаўнага ўзору.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время
У ВНУ выкладанне вядзецца на ўкраінскай мове / Улад Рубанаў

У ВНУ выкладанне таксама вядзецца на ўкраінскай мове, калі толькі гэта не англамоўны курс. З восені 2021 года Free Belarus Center сумесна з Нацыянальным універсітэтам "Кіева-Магілянская акадэмія" і Міжнародным фондам "Відродження" запусцілі стыпендыяльную праграму для беларускіх студэнтаў, а таксама курсы ўкраінскай мовы. За навінамі па новым наборы сачыце тут.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время
Беларускія студэнты павязалі сцяг на помнік Рыгору Скаварадзе / Free Belarus Center | Ales Piletski

Легалізацыя

Беларусы могуць знаходзіцца ва Украіне без дадатковых мер легалізацыі 180 дзён. Адпаведная пастанова сапраўдная да канца 2021 года. Чакаецца, што пасля Новага года гэтую пастанову падоўжаць або іншым спосабам спросцяць беларусам знаходжанне ва Украіне. Таму варта сачыць за навінамі.

Калі ваш тэрмін знаходжання скончыцца да канца года, загадзя паклапаціцеся пра легалізацыю. Вам давядзецца заплаціць штраф, калі вы перавысіце гэты тэрмін.

Вось тут можна запоўніць анкету на кансультацыю па легалізацыі і іншых юрыдычных пытаннях. Што трэба для атрымання ВНЖ, вы знойдзеце ў інструкцыях па гэтай спасылцы.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время

Інстытут палітычнага прыстанішча ва Украіне не ўрэгуляваны, за ўсю гісторыю незалежнай Украіны гэты статус не быў нададзены нікому.

Можна атрымаць статус уцекача або дадатковую абарону ва Украіне. Гэта рэгулюецца як нацыянальным, так і міжнародным заканадаўствам. Працэдура даволі складаная, займае шмат часу і вылучаецца крайнім фармалізмам. Колькі-небудзь адэкватных праграм адаптацыі і сацыялізацыі няма. Акрамя таго, Украіна прызнаная УВКБ ААН небяспечнай краінай для ўцекачоў. З прычыны гэтага мяркую, што звяртацца па гэты статус варта толькі ў самым крайнім і адчайным выпадку.

Уладзімір Жбанкоў, юрыст

Культурнае жыццё дыяспары

Беларусаў ва Украіне шмат, таму і беларуская дыяспара ва Украіне даволі дэцэнтралізаваная. Ёсць розныя групы, кожная з якіх займаецца чымсьці сваім: хтосьці арганізуе акцыі, хтосьці аказвае гуманітарную дапамогу і дае адукацыйныя магчымасці, хтосьці робіць культурныя мерапрыемствы.

Што рабіць беларусу, які раптоўна прыехаў ва Украіну і спрабуе знайсці плячо падтрымкі? Кожную нядзелю на Майдане праходзяць акцыі: там збіраюцца беларусы, з якімі можна пазнаёміцца. А вось тут вы знойдзеце даволі вялікі адкрыты чат для беларусаў ва Украіне.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время
Акцыя беларусаў у Кіеве 9 жніўня 2021 года / Улад Рубанаў

Месцы

У Кіеве ёсць бар "Карма", які адкрыў хлопец з Гомеля Глеб Кавалёў. У гэтым бары звычайна збіраецца шмат беларусаў, з якімі можна абмеркаваць пытанні. Таксама тут ёсць кактэйль-бар ад Улада Луневіча (ENZO, Let it be, ДЭПО, Лаўка) — месца пад назвай Fino.

Тут сабраны небанальныя і цікавыя месцы Кіева. А вось тут выдатны гід па сталіцы ад нашых калег з 34mag.

Як арганізаваць вольны час, падкажа канал на амаль 90 тысяч падпісчыкаў "Давай сходимо! Київ". Перыядычныя падборкі з парадамі, куды схадзіць у Кіеве, публікуюцца ў "Диван подождет". Сачыць за падзеямі начнога жыцця горада можна на канале "Киев ночной".

Асобна згадаем барбершоп Homie, які адкрыў іншы гамяльчук Сяргей Карнееў.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время
Барбершоп Homie / фота ўладальнікаў

Лайфхакі

У Кіеве і іншых гарадах Украіны вельмі развітая сетка дастаўкі. Заказаць можна літаральна ўсё: ад прадуктаў і алкаголю з крамаў або рэстаранаў да медыкаментаў. Самыя папулярныя службы — Bolt Food, Rocket і Glovo.

Таксі таксама развітое, ёсць міжнародныя сэрвісы Bolt і Uber, а таксама ўкраінскі Uklon. Перад заказам лепш параўнаць цэны ва ўсіх трох службах, таму што часам яны могуць адрознівацца на 80-100 грыўняў. Таксі ў Кіеве адчувальна даражэйшае, чым у Мінску, пры гэтым ёсць імавернасць правесці ў заторах гадзіну-другую. У гэтым плане метро хутчэйшае, таннейшае і экалагічнейшае.

Куда бежать. Переезжаем в Украину: что надо знать на первое время
Кіеў / Улад Рубанаў

“Новая Почта” — альтэрнатыва дзяржаўнай пошце. У межах сутак можна адправіць усё што хочаш і практычна куды хочаш. Аддзяленні ёсць ледзь не ў кожным квартале. 

Rozetka — тут можна заказаць амаль усё, што трэба для дома, і не толькі.

Амаль у кожным раёне ёсць рынак і раз на тыдзень/месяц праходзяць кірмашы, пра якія можна даведацца ў суседзяў.

Свежыя і ў цэлым аб'ектыўныя навіны можна атрымліваць вось з гэтых каналаў: Громадське, Бабель, Заборона і Суспільне.

Матэрыял падрыхтаваны сумесна з Free Belarus Center.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі