Беларус, абвінавачаны ў тэрактах на БАМе, назваў арганізатарам іншага беларуса
Сяргей Ерамееў пасля затрымання
У Расіі завяршылі асноўныя следчыя дзеянні па крымінальнай справе аб тэрактах на Байкала-Амурскай магістралі. Падазраваным па гэтай справе праходзіць 53-гадовы ўраджэнец Наваполацка Сяргей Ерамееў. Паведамляецца, што беларус цалкам прызнаў сваю віну, а арганізатарам выбухаў назваў іншага беларуса, які жыве за мяжой, піша "Коммерсант".
Ерамееў раней працаваў на "Нафтане", удзельнічаў у пратэстах у 2020-м, праз што страціў працу. Пасля гэтага ён паехаў працаваць у Расію. У снежні 2023-га яго ў Омску затрымалі супрацоўнікі ФСБ і абвінавацілі ў выбухах на чыгунцы.
Следства сцвярджае, што ў 2023-м з Ерамеевым звязаўся грамадзянін Беларусі Аляксей Сакалоў, якога на радзіме вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе. Сам Сакалоў перабывае ў адной з краін Еўрасаюза. Ён, як гаворыцца ў матэрыялах справы, сказаў Ерамееву, што супрацоўнічае з СБУ і прапанаваў "зладзіць акцыі ў Расіі".
Паводле следства, Ерамееў па дасланых з-за мяжы каардынатах знайшоў гараж у Наваполацку. У ім была хованка, з якой мужчына дастаў восем магнітных мін і аванс у чатыры тысячы долараў. Потым ён на машыне паехаў у Бурацію, дзе замініраваў і падарваў два склады. За гэта, як паведамляецца, яму на банкаўскую картку прыйшлі яшчэ грошы ў эквіваленце дзвюх тысяч долараў.
"Я напісаў у тлумачэнні, што праз БАМ цяпер вязуць боепрыпасы <...>. Галоўная мэта была —перашкодзіць руху", — цытуе "Коммерсант" словы Ерамеева ў судзе Омска.
Як паведамлялася раней, 29 лістапада 2023 года падчас руху па тунэлі на Байкала-Амурскай магістралі загарэўся вагон грузавога цягніка. У саставе была 41 цыстэрна з палівам, тры — з авіяцыйным палівам і шэсць вагонаў з чорным металам. Пазней на гэтым жа ўчастку выбухнуў другі грузавы цягнік, які рухаўся па аб'язным шляху. Згарэлі чатыры цыстэрны з палівам, яшчэ дзве атрымалі пашкоджанні.
На некалькі дзён была паралізаваная чыгуначная сувязь Цэнтральнай Расіі з Кітаем, адкуль, як паведамлялася, дастаўлялі ў тым ліку прадукцыю для вайны супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.