Квадратны метр даражэе на долар штодзень, а кватэры – не

Мяркуючы па рэкламных аб’явах, гэтым летам 1 квадратны метр жылля ў Мінску даражэе ў дзень у сярэднім на долар. Аднапакаёвая кватэра на 50 метраў яшчэ ў траўні каштавала каля 94 350 $, а цяпер ужо – 97 500 $. Атрымліваецца, што за лета яна падаражэла больш, чым на 3 600 долараў. Для параўнання, за мінулае лета такая кватэра падаражэла толькі на 725 $. Сітуацыя, канешне, бянтэжыць пакупнікоў. Яўных прычын для такога росту коштаў няма. Еўрарадыё вырашыла разабрацца ў становішчы на рынку жылля гэтым летам.

Старшыня саюза дырэктараў Беларускай асацыяцыі нерухомасці Мікалай Прасталупаў сцвярджае: “За лета кошты на жыллё не падняліся”. Ён кажа, што вылічваць сярэднія кошты памылкова.

Мікалай Прасталупаў: “Як толькі ў гэтай рэкламе з’яўляецца больш “хрушчовак”, агульная сітуацыя нібыта такая: кошты падаюць. Таму што гэтае жыллё танней. Але калі ў нейкі час прапаноў на “хрушчоўкі” менш, а больш на каркасныя дамы, то вынікі іншыя: кошты падскочылі! Кошты не падскочылі, проста цяпер больш прадаецца кватэр у каркасных дамах, а там, зразумела, квадратны метр даражэйшы за “хрушчоўскі” на 30-40 %”.

Звычайны рост коштаў пачынаецца цяпер, у сярэдзіне жніўня і бліжэй да восені. Гэтак адбываецца штогод. Пакупнікоў жылля становіцца значна больш, і ім ужо не саступаюць па некалькі тысяч долараў, як летам.

Мікалай Прасталупаў: “Пачынаючы з 1 ліпеня і недзе па 10 жніўня кошты стаялі. Я кажу пра рэальныя здзелкі, а не пра рэкламныя аб’явы. Я асабіста ўдзельнічаў у некаторых здзелках. У адным выпадку за аднапакаёўку прадавец саступіў 3 000 долараў, у другім – 2 000. Пакупнік казаў: ці такі кошт, ці ніякі, - і прадавец ішоў на гэта, бо ўлетку пакупнікоў вельмі мала”.

Калі вярнуцца да сярэдніх лічбаў, можна прааналізаваць праблему коштаў інакш. Тут хібнасць не будзе такой вялікай. Па ўсіх нормах і правілах рашэнне жыллёвай праблемы ідзе нармальным тэмпам тады, калі сярэднямесячны заробак людзей прыкладна роўны кошту квадратнага метра жылля. Квадратны метр каштуе цяпер каля 1900$. Сярэдні заробак па Мінску 330$. То бок каб жыллёвая праблема ў нас вырашалася нармальна, трэба зарабляць больш амаль у 6 разоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі