Кыргызскай спявачцы пагражаюць “адрэзаць галаву” за скандальны відэакліп
Маладой кырзызскай спявачцы Зерэ Асылбек пачалі пагражаць фізічнай расправай пасля таго, як яна выпусціла вострасацыяльны відэакліп на песню “Кыз” (“Дзяўчына”). 19-гадовая Зерэ з’яўляецца ў кадры ў пінжаку, пад якім бачная карункавая ніжняя бялізна. Яна спявае пра тое, што ніхто не павінен вучыць дзяўчынак і жанчын, як сябе паводзіць і ў што апранацца.
Побач з Зерэ ў кліпе з’яўляюцца дзяўчаты, апранутыя па-рознаму — у хіджабах, у традыцыйных нацыянальных строях, у шортах, у купальніках.
Пасля выхаду гэтага кліпа ў сацыяльных сетках распачалася палкая дыскусія пра нормы паводзінаў кыргызскіх дзяўчат. Адны падтрымліваюць Зерэ, іншыя сцвярджаюць, што яна не павінна з’яўляцца ў такім выглядзе і нават пагражаюць забойствам. Адзін з удзельнікам сацыяльных сетак адкрытым тэкстам напісаў, што адрэжа ёй галаву.
Зерэ звярнулася ў праваахоўныя органы. Яна робіць скрыншоты каментароў з пагрозамі і публікуе іх. Сама спявачка кажа, што пайшла на правакацыю, зрабіўшы такі кліп, каб выклікаць дыскусію аб правах жанчынаў у грамадстве, паведамляе ВВС.