Латвія паскорыць будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю
Будаўніцтва на латвійска-беларускай мяжы / З архіва delfi.lv
Латвія паскорыць будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю. У Рызе хочуць як мага хутчэй стварыць "фізічную перашкоду для нелегальных мігрантаў". Як паведамляе Delfi, будаўніцтва яшчэ 63,9 кіламетра плота на мяжы стануць прыярытэтам летняга будаўнічага сезона.
Латвія пачала будаваць плот на мяжы з Беларуссю ў пачатку восені 2022-га. Раней падобныя праекты рэалізавалі Польшча і Літва. Прычынай будаўніцтва загародаў на межах краін ЕС з Беларуссю стаў міграцыйны крызіс, адказнасць за які ўскладаецца на афіцыйны Мінск. Мігранты дагэтуль спрабуюць нелегальна патрапіць з РБ у Еўрасаюз, нападаюць на латвійскіх памежнікаў. Пры гэтым беларускія памежнікі ім не перашкаджаюць, нават спрыяюць.
Плот на латвійска-беларускай мяжы будзе ўзведзены на працягласці 173 кіламетраў. На сённяшні дзень пабудавана толькі 78%. Раней планавалася скончыць працы ў 2024 годзе. Цяпер жа гаворка ідзе пра восень 2023-га. Да канца гэтага года мусіць быць гатовая ўся інфраструктура. На праект выдаткавана больш за 100 мільёнаў еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.