Лідскі замак адбудуюць за 10 мільёнаў долараў

Ліда, дзе ў верасні гэтага года пройдуць “Дажынкі”, хоча здзівіць гасцей адбудаваным замкам Гедыміна (ўзведзены каля 1323 года). Рэстаўрацыя, якая пачалася яшчэ 20 гадоў таму, павінна быць часткова скончаная цягам гэтага лета. Першы этап уключае вонкавае прывядзенне замка ў парадак, пасля “Дажынак” будуць даводзіць да ладу двор і ўнутранае ўбранне вежаў.



Гаворыць Яраслаў Мікавоз, намеснік старшыні Лідскага райвыканкама па будаўніцтве.

Яраслаў Мікавоз:
“Мы плануем у гэтым годзе выканаць такія працы: аднавіць паўднёва-заходнюю вежу, аднавіць заходнюю сцяну, абарончыя галерэі. Ну і пракласці інжынерныя сеткі: звонку замка і ў сярэдзіне. А таксама прыступіць да пабудовы канструкцыяў і будынкаў у сярэдзіне самога замка, зрабіць добраўпарадкаванне звонку замка. Каб падрыхтаваць да “Дажынак” знешні выгляд гэтага аб’екта”.

Наступны этап закране двор замка і добраўпарадкаванне саміх вежаў, прыстасаванне іх для турыстаў.

Яраслаў Мікавоз: “Там будзе дом старасты, казарма па апісанню XIV стагоддзя, калодзеж. Таксама зробім брукаванку, санвузлы… У паўднёва-заходняй вежы будзе гандлёвая кропка, у паўночна-ўсходняй плануецца правядзенне выставаў, музейных экспазіцыяў”.

Цяпер будаўнікі заканчваюць разбіраць савецкую няякасную цэглу. Яраслаў Віктаравіч запэўнівае, што старадаўнія сцены замка ніхто кранаць не будзе.

Яраслаў Мікавоз:
“Разбіраем толькі цэглу па паўднёвай сцяне і па заходняй, а таксама частку сцяны, якая абрынулася. Яна ж аднаўлялася ўжо, яна не старадаўняя. Вось гэты прамежак часткова разбіраюць да лініі праекта, астатняе захаваецца”.

Спадар Яраслаў заўпэўнівае, што гэтым разам цэглу будуць выкарыстоўваць добрую.

Яраслаў Мікавоз:
"Будзем глядзець, правяраць, каб якасць была зусім іншая. Усё будзе ўлічвацца і жорстка кантралявацца!"

З сумай, якая пойдзе на аднаўленне замка, пакуль пэўнасці няма. Спадар Мікавоз кажа, што называюцца розныя лічбы.

Яраслаў Мікавоз:
“Гаворка ішла пра рэспубліканскі бюджэт, пра 25 мільярдаў рублёў (больш за 8 мільёнаў долараў — Еўрарадыё). Але будзем удакладняць. Праекціроўшчыкі называлі лічбу і 23 мільярды, хаця самі раней казалі ледзьве не пра 60 мільярдаў (каля 20 мільёнаў долараў — Еўрарадыё). Думаю, у 30 мільярдаў (каля 10 мільёнаў долараў — Еўрарадыё) мусім укласціся”.


Так павінен выглядаць замак пасля аднаўлення

Лідскі краязнаўца Станіслаў Суднік распавёў, што беды замка пачаліся ў 1659 годзе, калі яго спаліў маскоўскі ваявода Хаванскі. З таго часу замак прыходзіў у заняпад, некалькі разоў прымалася рашэнне пра яго знос. Але кожны раз цудам замак заставаўся стаяць.

Станіслаў Суднік кажа, што каб не “Дажынкі”, грошай бы шукалі яшчэ доўга.

Станіслаў Суднік: “Дзякуй Богу, што яны з’явіліся! Бо калі б не было гэтых “Дажынак”, тыя грошы выбівалі б яшчэ ні адзін год!”

Спадар Суднік лічыць, што такія сціслыя тэрміны — да вераснёвых “Дажынак” — нічым замку пагражаць не могуць.

Станіслаў Суднік:
“Гэта нічым замку пагражаць не можа, бо ўсе былі гатовыя да пачатку працы ўжо даўно, проста не было грошай. Да таго ж, ніхто не ставіць задачу завяршыць замак да “Дажынак”. Да “Дажынак” павінны быць заменены галерэі, якія падгнілі за 20 год, адбудаваныя сцены і паднятая вежа. А поўная здача замка — у 2012 годзе. Гэтыя работы — дабудаваць сцены і вежу — яны рэальныя і могуць быць выкананы”.

Станіслаў Суднік перакананы, што будаўнікі не стануць кранаць аўтэнтычныя сцены замка, а абмяжуюцца разборкай і перабудовай няякаснай савецкай кладкі.

Станіслаў Суднік:
“Аўтэнтычнае ніхто разбіраць не будзе — дзякуй Богу, пры Гедыміне будаваць умелі!..  Па-першае, гэта помнік першай катэгорыі. Па-другое, прымаюцца захады, каб абарончая лінія Ліда-Крэва-Меднікі-Трокі  была ўключаная ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Адзін замак нам туды не ўпіхнуць — ён даволі просты. А вось абарончую лінію, тры аднатыпныя замкі — сумеснымі намаганнямі Беларусі і Літвы — зусім рэальна. Таму ніхто не дасць нічога зруйнаваць”.


Выгляд замка перад пачаткам рэканструкцыі. 1990 год

Адную вежу тады ўдалося добра адбудаваць...


...а вось на другую сілаў не хапіла


Аднаўлялі тады замак, мякка кажучы, не вельмі якасна


За 20 гадоў цэгла прыйшла ў катастрафічны стан


Так паўднёва-заходняя сценка выглядала яшчэ тры гады таму


Цяпер яе часткова разабралі


Кранулі толькі няякасную савецкую цэглу


Агульны выгляд замка цяпер


Драўляныя галерэі за 20 гадоў таксама спарахнелі: іх будуць цалкам замяняць


Замкавы двор з боку цяперашняга ўвахода...


...і з вежы. Нягуста. Затое тут плануюць збудаваць дом старасты, казармы і калодзеж


А пакуль стаіць толькі шапік для продажу квіткоў (уваход ужо закрыты ў сувязі з пачаткам прац)


Пачатак ХХ стагоддзя: на месцы вежы — драўляная брама


Да гэтага на месцы вежаў былі дзіркі


Такім пабачыў замак Напалеон Орда 140 гадоў таму

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі