Літоўскай кампаніі выставілі пазоў на 14 тыс еўра за выкарыстанне брэнда MTZ

Літоўскай кампаніі выставілі пазоў на 14 тыс еўра за выкарыстанне брэнда MTZ

Літоўскай кампаніі Litagra выставілі пазоў на 14 тысяч еўра за гандаль прадукцыяй брэнду МТЗ толькі цягам аднаго месяца. Магчыма, што сума пазова ўзрасце да 1,2 мільёна еўра, піша Delfi.lt.

Пазоў выстаўляе амерыканская кампанія Suraleb, Ine, якія патрабуе пазыкі ад беларускага Мінскага трактарнага завода. Раней на падставе рашэння Стакгольмскага арбітражу яна наклала арышт на маёмасць МТЗ у Літве, агульны кошт якой складае 3,3 мільёна еўра. Разам з маёмасьцю арыштаваныя гандлёвыя маркі Belarus і MTZ і сыстэма маркіроўкі тавараў кодамі, якія наносяцца на ўсе запчасткі да трактароў Belarus

У 90-х гадах Мінскі трактарны завод (МТЗ) пастаўляў сваю прадукцыю ў краіны Эўропы і ЗША з дапамогай фірмаў Belarusian Equipment of Canada Limited (BEC, Канада) і Belarus Machinery Inc. (BMI, ЗША), якія на 100% і 90% адпаведна належалі расійскім кампаніям. Да студзеня 1999 года BMI завінаваціўся беларускаму боку 28,5 мільёнаў долараў, а BEC — тры мільёны амерыканскіх долараў і 9,5 мільёнаў канадскіх долараў.

Каб спагнаць даўгі, МТЗ звярнулася да амерыканскай калектарскай кампаніі Suraleb Inc. За паўтара гады Suraleb спагнала частку даўгоў на суму амаль на 20 мільёнаў даляраў і запатрабавала за свае паслугі 4,5 мільёны.

У 2003 годзе Suraleb зьвярнуўся ў Стакгольмскі арбітраж — суд, які, паводле дамовы паміж МТЗ і Suraleb, павінен быў разбірацца ў іх адносінах пры спрэчках. Амерыканская кампанія патрабавала, каб МТЗ аплаціў запазычанасць, пеню і кампенсаваў юрыдычныя выдаткі. У траўні 2006 году МТЗ прайграў суд.

З улікам часткова кампенсаванага доўгу (за кошт прададзенай маёмасьці МТЗ у ЗША) засталося 2,1 мільёна долараў доўгу перад Suraleb. Таксама МТЗ абавязваюць заплаціць пеню, паслугі юрыстаў і судовыя выдаткі — усяго каля 3,5 мільёнаў долараў. МТЗ адмовіўся плаціць.

У Літве, Канадзе, ЗША і Румыніі арыштаваныя ўсе актывы МТЗ. Філіял завода спыніў сваю дзейнасць у Літве, яе маёмасць прададуць на аўкцыёне, пры спробе трапіць на тэрыторыю згаданых краін любая тэхніка МТЗ будзе канфіскаваная на карысць Suraleb. Таксама арыштаваныя аўтарскія правы і знакі — гандлёвыя маркі “Беларус” і “Belarus” знаходзяцца пад “часовым абмежаваннем правоў”.

З-за праблем з гандлёвымі знакамі “МТЗ” і “Беларус” у завода ўзніклі праблемы з пастаўкамі тэхнікі ў іншыя краіны ЕС. Юрысты Suraleb збіраюцца прасоўваць рашэнне Стакгольмскага арбітража ў іншых краінах Еўрасаюза. На сёння доўг МТЗ складае каля пяці мільёнаў долараў, паведамляе Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі