Літва патрабуе спыніць БелАЭС, бо яна пагражае ўсяму рэгіёну

Беларуская АЭС / Еўрарадыё
Беларуская АЭС / Еўрарадыё

МЗС Літвы патрабуе спыніць Беларускую АЭС да развязання ўсіх праблем, звязаных з ядзернай бяспекай, якія выявілі міжнародныя місіі. Пра гэта гаворыцца ў дыпламатычнай ноце, накіраванай на адрас МЗС Беларусі, перадае delfi.lt.

Нота МЗС Літвы стала адказам на інфармацыю пра тое, што Беларусь рыхтуецца да пуску другога энергаблока АЭС.

"Падрыхтоўка Беларусі да пуску другога няспраўнага энергаблока АЭС, утойванне ад грамадскасці інцыдэнтаў і няспраўнасцяў, а таксама пагрозы прэзідэнта Расіі размясціць ядзерную зброю ў Беларусі сведчаць пра безадказныя паводзіны дыктатарскіх рэжымаў у сферы атамнай энергетыкі, што ўяўляе ядзерную пагрозу для ўсяго рэгіёну", — заяўляе кіраўнік літоўскага ведамства Габрыэлюс Ландсбергіс.

У Літве адзначаюць, што праект БелАЭС мае шмат нявырашаных пытанняў бяспекі. Сярод іх называюцца ўздзеянне на навакольнае асяроддзе і насельніцтва Літвы, гарантыі культуры бяспекі і рэалізацыя міжнародных рэкамендацый.

У дакладзе, які падрыхтавалі ў сакавіку спецслужбы Літвы, гаварылася, што Беларусь у 2022 годзе схавала шэраг інцыдэнтаў, якія адбыліся на першым і другім энергаблоках Беларускай АЭС. У выніку іх ядзерны рэактар першага блока быў прыпынены на тэрмін больш як на паўгода, а тэрміны пуску другога блока працягваюць адкладацца.

Як паведамлялася раней, пуск другога блока БелАЭС перанесены на сёлетні красавік, а ў эксплуатацыю яго мяркуюць увесці ў кастрычніку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі