Літва робіць больш жорсткімі правілы транзіту тавараў праз Беларусь
Літоўская мытня ўзмоцніць абмежаванні на мяжы / pexels.com
Літоўская мытня вырашыла зрабіць больш жорсткім парадак грузавога транзіту тавараў праз тэрыторыю Беларусі і Расіі. Новыя абмежаванні набудуць сілу з 3 ліпеня. Пад іх трапяць 57 груп тавараў, паведамляе прэс-служба ведамства.
Гаворка ідзе найперш пра прадукцыю, якая выкарыстоўваецца "ў ваенных мэтах або для павелічэння магутнасцяў расійскай прамысловасці". На яе з 3 ліпеня трэба будзе падаваць дэкларацыі вытворцы на экспарт і рээкспарт, а з 17 ліпеня — і на мытнях, якія дзейнічаюць у пунктах памежнага кантролю.
У мытнай дэкларацыі трэба будзе абавязкова пацвердзіць, што вытворца тавараў ведае прадаўца і пакупніка ў трэцяй краіне. Таксама неабходна будзе пацвердзіць, што тавары перавязуць праз Беларусь або Расію транзітам, а не застануцца ў гэтых краінах. Вытворца таксама павінен ведаць канчатковага спажыўца тавару ў трэцяй краіне. У іншым разе мытня не выпусціць тавары за межы Еўрасаюза.
Таксама мытня пакідае за сабой права звязацца з кампетэнтнымі органамі краіны вытворцы тавару, калі ўзнікнуць сумневы ў сапраўднасці пададзеных дакументаў і правільнасці змешчанай у іх інфармацыі.
Дарэчы, з 5 чэрвеня літоўская мытня ўжо ўзмацніла кантроль на мяжы, каб прадухіліць магчымы абыход санкцый. Ад перавозчыкаў патрабуюць дакументы, якія пацвярджаюць гэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.