Літва скасоўвае дамову "Беларуськалію" і сваёй чыгункі з 1 лютага
Літва з 1 лютага скасуе пагадненне паміж "Літоўскай чыгункай" і "Беларуськаліем", піша 15min.lt.
Урад Літвы прыйшоў да высновы, што гэтае пагадненне суперэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Перавозкі ўгнаенняў павінны спыніцца да 1 лютага.
Дамова паміж "Літоўскай чыгункай" і "Беларуськаліем" была падпісаная ўвесну 2018 года. Яна была разлічаная да канца 2023 года. Праз Літву транзітам ішло каля 11 мільёнаў тон беларускіх угнаенняў у год.
Пасля таго, як "Беларуськалій" трапіў пад санкцыі ЗША, Літва вырашыла спыніць транзіт яго прадукцыі. Аднак "Беларуськалій" заплаціў за перавозкі на некалькі месяцаў наперад.
Міністр транспарта Літвы Марыюс Скуодзіс кажа, што ў краіне працуюць як мінімум 10 кампаній, якія могуць стаць пасярэднікамі паміж "Беларуськаліем" і "Літоўскай чыгункай". І, такім чынам, пераняць калі не ўвесь транзіт, дык яго частку.
Дарэчы, нядаўна нарвежская кампанія Yara заявіла, што спыняе супрацу з "Беларуськаліем" з 1 красавіка: у выніку санкцый ёй стала складана атрымліваць прадукцыю беларускага прадпрыемства.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.