Лукашэнка абмеркаваў Украіну з патрыярхам Кірылам

20 чэрвеня ў Мінску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам. Падчас гутаркі абмяркоўвалася адна з найбольш актуальных міжнародных тэмаў — сітуацыя ва Украіне.

Праваслаўны іерарх падзякаваў Беларусі за ролю ў арганізацыі перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне, перадае БЕЛТА. Ён адзначыў міратворчы характар праваслаўнай царквы ў сённяшняй Украіне: "Сёння наша царква з'яўляецца адзінай арганізацыяй ва Украіне і адзінай сілай, якая захавала міратворчы патэнцыял, бо яна сябе не атаясаміла ​​ні з аднымі, ні з другімі".

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе рабіць усё, каб спыніць вайну ва Украіне. "Нам балюча, калі адбываецца бяда ў нашых братоў. Мы будзем усё рабіць для таго, каб неяк змякчыць сітуацыю, а калі магчыма, і спыніць гэтую братазабойчую вайну".

Акрамя таго, Лукашэнка распавёў маскоўскаму патрыярху, што ў нашай краіне няма ніякіх праблемаў ва ўзаемаадносінах вернікаў, хаця тут жывуць людзі розных веравызнанняў. У Беларусі ў пытаннях веравызнання "людзі самі вырашаюць, дзе ім быць, як ім быць", падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым, беларускі кіраўнік заявіў, што вядучае месца ў рэлігійным жыцці краіны займае Беларуская праваслаўная царква: "Беларусь з'яўляецца апорай праваслаўя на заходніх рубяжах некалі нашай вялікай Айчыны".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі