Лукашэнка адправіў звольненага міністра спорту ў МНС

Лукашэнка адправіў звольненага міністра спорту ў МНС

Аляксандр Лукашэнка адправіў звольненага міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко ў МНС. Гэта вынікае з яго ўказу (№ 66 ад 15 лютага), змешчанага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. З яго даведваемся, што Шамко вызвалены ад пасады “за непрыняццё дзейсных мер па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамасных арганізацыях”. У другім пункце дакумента адзначаецца: “Адкамандзіраваць генерал-маёра ўнутранай службы Шамко Аляксандра Ігаравіча з Міністэрства спорту і турызму ў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях”.

Аляксандру Шамко 49 гадоў. Міністрам спорту і турызму ён стаў ў кастрычніку 2012-га, а да таго часу каля чатырох гадоў працаваў намеснікам міністра па надзвычайных сітуацыях. Якую пасаду зойме Шамко ў МНС на гэты раз, пакуль невядома.

У чацвер таксама стала вядома пра вызваленне ад пасады міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча. Рашэнне было прынятае з той жа прычыны. Ва ўказе кіраўніка дзяржавы (№ 65 ад 15 лютага) гаворка ідзе толькі пра вызваленне ад пасады.

Лукашэнка адправіў звольненага міністра спорту ў МНС
Фота: http://pravo.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі